Актывіст Зьміцер Паліенка пазбаўлены спатканьняў на 3 месяцы за парушэньне парадку ў Бабруйскай калёніі. Пра гэта палітвязень напісаў у лісьце сябрам.
Актывістка Марына Насенка, якая лістуецца са Зьмітром Паліенкам, сказала карэспандэнту Свабоды:
«Але за што менавіта ён быў пакараны, невядома. Магчыма, Зьміцер проста ня можа пра гэта напісаць, інакш ліст не прапусьцяць з калёніі. Мяркуе, што лепш бы пакаралі карцэрам, бо для яго пазбаўленьне спатканьняў — вельмі балюча, яго яшчэ ніхто ў калёніі не наведваў. Днямі бацька зьбіраўся прыехаць, дык давялося сустрэчу адмяніць».
Таксама сяброў Зьмітра Паліенкі непакоіць тое, што яго абмежавалі ў карыстаньні грашовым рахункам, які дазволена мець вязьням калёніі.
«На ім вісяць нясплачаныя штрафы, больш як на 4000 рублёў, дык прыдумалі, што грошай з рахунку можна здымаць толькі дзьве базавыя, гэта 46 рублёў, хоць іншым дазволена здымаць 120 рублёў. Такім чынам, ён ня можа дастаткова набываць сабе харчоў у краме, а харчаваньне там у калёніі ведаеце якое. Таму гэта, канечне, праблема таксама. Але Зьміцер трымаецца бадзёра і нават нас падтрымлівае. Кажа, вельмі шкадуе, што ня можа браць удзелу ў цяперашніх палітычных падзеях, і яшчэ дзячыць усім, хто яго падтрымлівае на волі», — сказала Марына Насенка пра Зьмітра Паліенку.
З красавіка 2017 году актывіст Зьміцер Паліенка адбывае зьняволеньне ў Бабруйскай калёніі.
У кастрычніку 2016 году Зьміцер Паліенка быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай нібыта за напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які адбыўся ў траўні мінулага году ў Менску. Міліцыянты брутальна спынілі акцыю, некалькі чалавек затрымалі, у тым ліку Зьмітра Паліенку, які нібыта парваў вопратку супрацоўніка міліцыі. Сваёй віны актывіст не прызнаў.
Пасьля суду Зьміцер Паліенка браў удзел у пікетах салідарнасьці ды іншых пратэставых акцыях. Увесну 2017 году актывіста зноў арыштавалі і на пачатку красавіка прысудзілі яму адбываць тэрмін ва ўмовах зьняволеньня. Суд толькі залічыў 5 месяцаў, якія Зьміцер Паліенка ўжо адбыў за кратамі падчас сьледзтва па справе «Крытычнай масы».
Пасьля новага суду над Зьмітром Паліенкам беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
7 ліпеня ў Менску адбывалася акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, у тым ліку са Зьмітром Паліенкам.