Актывіст Зьміцер Паліенка, які адбывае 1,5 года зьняволеньня ў Бабруйскай калёніі, не выключае, што да яго будзе ўжыты 411 артыкул Крымінальнага кодэксу. Гэты артыкул дазваляе ў вязьніцы павялічыць тэрмін пакараньня яшчэ на год. Пра такую небясьпеку Зьміцер Паліенка сказаў свайму бацьку на нядаўнім спатканьні ў калёніі.
Аляксандр Паліенка сказаў карэспандэнту Свабоды, што сына ўжо тройчы каралі карцэрам, у тым ліку на 10 сутак:
«Прычым яўна за нейкую драбязу. Быццам курыў ня ў тым месцы, ці што яшчэ прыдумляюць. Вось цяпер пасьля спатканьня зноў адправяць у ШЫЗА. Там сядзіць у адзіночцы, у досыць халоднай камэры».
Зьміцер не выключае, што зь яго хочуць зрабіць злоснага парушальніка, каб мець магчымасьць засудзіць паводле 411-га артыкула — за невыкананьне законных патрабаваньняў адміністрацыі. «А гэта яшчэ год», — падсумоўвае Аляксандар Паліенка.
Паводле бацькі актывіста, Зьміцер у турме рамантуе швачнае абсталяваньне:
«Толькі кажа, што зусім мала плацяць — за месячны заробак можа набыць усяго 4–5 пачак цыгарэт».
Amnesty International прызнала Зьмітра Паліенку вязьнем сумленьня
Летась у кастрычніку актывіст Зьміцер Паліенка быў асуджаны на 2 гады з адтэрміноўкай паводле абвінавачаньня ў гвалтоўных дзеяньнях адносна супрацоўніка міліцыі. Паводле суду, актывіст парваў супрацоўніку ДАІ вопратку і штурхануў яго падчас акцыі раварыстаў «Крытычная маса», якая адбылася ў Менску ў траўні 2016 году.
Тады падчас сьледзтва Зьміцер Паліенка адбыў у ізалятары паўгода. Гэты час яму залічылі, калі сёлета ў красавіку яго ўсё ж такі адправілі ў калёнію — за тое, што не выконваў умоваў адтэрміноўкі пакараньня (удзельнічаў у несанкцыянаваных акцыях пратэсту). Цяпер на волю Зьміцер Паліенка выйдзе ў кастрычніку 2018 году — гэта калі яму не павялічаць тэрмін паводле 411 артыкула.
Праваабаронцы лічаць Зьмітра Паліенку палітвязьнем і патрабуюць перагляду ягонай крымінальнай справы. Міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Зьмітра Паліенку вязьнем сумленьня.
У Беларусі 411 артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога караюць дадатковым зьняволеньнем ужо асуджаных злачынцаў, выкарыстоўваецца і адносна вязьняў, якіх праваабаронцы прызнавалі палітычнымі. Дадатковыя тэрміны давялося адбыць Зьмітру Дашкевічу і Мікалаю Дзядку. Сёлета ў сакавіку праз суд паводле 411 артыкула прайшоў і праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Для яго працэс завяршыўся пасьпяхова, і ён выйшаў на волю ў раней прызначаны тэрмін.