У Дзяржаўную думу Расеі ўнесены законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйны штраф да 5 мільёнаў рублёў за парушэньне парадку дзейнасьці СМІ ў статусе замежнага агента. Дакумэнт разьмешчаны ў сераду ў базе заканадаўчай дзейнасьці Дзярждумы, паведамляе «Інтэрфакс».
Законапраект прадугледжвае штрафы як для саміх замежных СМІ, так і для расейскіх юрыдычных асобаў у статусе замежнага агента, якія яны засноўваюць.
Згодна з праектам, за першае парушэньне закону аб СМІ — замежных агентах прадугледжаны штраф ад 10 тысяч рублёў для фізычных асобаў да 500 тысяч для юрыдычных. Паўторнае парушэньне на працягу году прапануецца караць штрафам ад 50 тысяч рублёў для фізычных асобаў да мільёна рублёў для юрыдычных. Кожнае наступнае парушэньне цягне накладаньне штрафу ў 100 тысяч рублёў або арышту да 15 сутак для фізычных асобаў і штрафу ў памеры 5 мільёнаў рублёў — для юрыдычных.
Законапраект, паводле задумы аўтараў, павінен уступіць у сілу з 1 студзеня 2018 году.
Дзярждэпартамэнт: новы закон РФ аб замежных агентах пагражае свабодным СМІ ў Расеі
На мінулым тыдні ў Расеі быў прыняты закон, які дазваляе ўладам аб’яўляць сродкі масавай інфармацыі, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, «замежнымі агентамі». Такія СМІ павінны будуць даваць справаздачу перад Міністэрствам юстыцыі Расеі аб сваёй працы і маркіраваць сваю прадукцыю.
Раней Міністэрства юстыцыі Расеі накіравала Радыё Свабода і тэлеканалу «Настоящее время» апавяшчэньне аб магчымых абмежаваньнях у іх працы. Такое ж паведамленьне атрымаў яшчэ адзін праект карпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — сайт «Idel. Реалии», а таксама новы мэдыяпраект Рускай службы Радыё Свабода «Сибирь. Реалии». У лісьце Міністэрства юстыцыі не ўдакладнялася, якія захады могуць адбыцца пасьля ўнясеньня зьменаў у заканадаўства.
Як заявіў прэзыдэнт мэдыя-карпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Том Кент, немагчыма ацаніць эфэкт ад прымяненьня новага закону да той пары, пакуль не атрымана дакладная інфармацыя пра тое, якія абмежаваньні і на якія менавіта рэдакцыі ён накладвае. «Мы працягваем нашу журналісцкую працу, даючы дакладную і аб’ектыўную інфармацыю нашай расейскамоўнай аўдыторыі», — падкрэсьліў Кент.
Эўрапейскі Зьвяз, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, а таксама Савет па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі раскрытыкавалі закон аб СМІ — «замежных агентах».