«Прэзыдэнт Пуцін падпісаў закон, паводле якога замежныя мэдыйныя арганізацыі могуць быць клясыфікаваныя як „замежныя агенты“, — канстатаваў Джон Лэнсінг. — Расейскія афіцыйныя асобы ўказвалі, што, у адпаведнасьці з гэтым законам, на інфармацыйныя сеткі BBG, уключаючы Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і „Голас Амэрыкі“, а таксама на іх службы, у тым ліку тэлевізійны і лічбавы канал «Настоящее время», могуць быць накладзеныя яшчэ большыя абмежаваньні.
«Радыё Свабода, „Голас Амэрыкі“ і іншыя міжнародныя мэдыя па-ранейшаму адданыя нашай місіі, зафіксаванай заканадаўствам ЗША, — ажыцьцяўленьню дакладнага, аб’ектыўнага і ўсебаковага журналісцкага асьвятленьня і прадстаўленьню іншага зьместу нашай глябальнай аўдыторыі, у тым ліку — у Расейскай Фэдэрацыі», — падкрэсьліў дырэктар BBG, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Гаворачы пра зьмест новага расейскага закону, які набыў моц пасьля падпісаньня яго прэзыдэнтам Расеі, Джон Лэнсінг адзначыў:
«Мы будзем уважліва вывучаць ўсе паведамленьні, якія, магчыма, атрымаем ад расейскіх уладаў з нагоды нашай дзейнасьці. Хоць мы ўстрымаемся ад спэкуляцыяў адносна ўплыву, які тыя ці іншыя крокі расейскага ўраду могуць аказаць на нашу журналісцкую працу, любая характарыстыка гэтых крокаў як адказу на дзеяньні ЗША зьяўляецца сур’ёзным скажэньнем рэальнасьці. Расейскія мэдыя, уключаючы RT і „Спутник“, свабодна дзейнічаюць у ЗША, іх праграмы могуць трансьлявацца і трансьлююцца кабэльнымі тэлевізійнымі кампаніямі і FM-радыёстанцыямі. Аднак амэрыканскія сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку „Голас Амэрыкі“ і Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, пазбаўленыя ў Расеі доступу да тэлевізійнага і радыёвяшчаньня».
Кіраўнік BBG нагадаў, што «нашы журналісты, якія выконваюць прафэсійныя заданьні, падпадаюць у Расеі пад перасьлед і сутыкаюцца з істотнымі абмежаваньнямі ў сваёй працы».
«Мікола Сэмэна, які супрацоўнічаў з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, асуджаны расейскім судом за напісаны ім артыкул. Іншы журналіст — Станіслаў Асееў — утрымліваецца прарасейскімі сэпаратыстамі ва Ўкраіне. На журналістаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода напалі і зьбілі іх, калі яны знаходзіліся ў службовай выправе ў Краснадарскім краі ў сакавіку гэтага году», — удакладніў Джон Лэнсінг.
«Рада кіраўнікоў у пытаньнях вяшчаньня была б радая, калі б сёньняшняя ўвага да захадаў у адказ у дачыненьні да расейскіх і амэрыканскіх мэдыякампаніяў прывяла да даваньня амэрыканскім сродкам масавай інфармацыі (у тым ліку „Голасу Амэрыкі“ і Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода) такіх жа правоў і магчымасьцяў у Расеі, якімі валодаюць расейскія вяшчальныя сеткі ў Злучаных Штатах», — адзначаецца ў заяве Джона Лэнсінга.