Эўрапейскі зьвяз раскрытыкаваў заканадаўства, падпісанае прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, якое дазваляе расейскаму ўраду абвяшчаць сродкі масавай інфармацыі, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, «замежнымі агентамі» і ўводзіць супраць іх абмежавальныя меры.
Майя Кацыянчыч, прадстаўніца Эўрапейскай камісіі па палітыцы добрасуседзтва і перамовах па пашырэньні, у сваёй заяве ад 26 лістапада сказала, што «заканадаўства супярэчыць абавязаньням Расеі ў галіне правоў чалавека».
Кацыянчыч назвала закон «дадатковай пагрозай для свабодных і незалежных СМІ і доступу да інфармацыі» і «яшчэ адной спробай скараціць прастору для незалежных галасоў у Расіі». Закон быў прыняты 22 лістапада аднагалосна Саветам Фэдэрацыі РФ, верхняй палатай парлямэнту Расеі. Раней Закон быў аднагалосна ўхвалены ў трэцім і апошнім чытаньні ў ніжняй палаце 15 лістапада. На працягу некалькіх гадзін пасьля гэтага Міністэрства юстыцыі накіравала папярэджаньні некалькім службам Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
У лістах не пазначаны патэнцыйныя абмежаваньні, з якімі яны могуць сутыкнуцца, але заканадаўцы заявілі, што СМІ, якія будуць названыя «замежнымі агентамі», могуць атрымаць патрабаваньні аб фінансавай справаздачнасьці і павінны адзначаць свае матэрыялы як паведамленьні ад замежнага агента.
Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода стала адным з некалькіх СМІ, якія могуць быць абвешчаныя замежнымі агентамі. У гэты сьпіс таксама ўвайшлі «Голас Амерыкі» (VOA), тэлекампанія CNN і міжнародная тэлекампанія Нямеччыны Deutsche Welle.
Як заявіў у суботу прэзыдэнт мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Том Кент, немагчыма ацаніць эфэкт ад прымяненьня новага закону да той пары, пакуль не атрымана дакладная інфармацыя пра тое, якія абмежаваньні і на якія менавіта рэдакцыі ён накладае. «Мы працягваем нашу журналісцкую працу, падаючы дакладную і аб’ектыўную інфармацыю нашай расейскамоўнай аўдыторыі», — падкрэсьліў Кент.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заявіла, што заканадаўства нанясе сур’ёзны ўдар па свабодзе СМІ ў Расеі, хоць расейскія афіцыйныя асобы заявілі, што ён не будзе прымяняцца да расейскіх СМІ.