Адпаведную заяву за некалькі дзён да лёсаваньня фінальнай стадыі ўсясьветнага футбольнага першынства зрабіў Генэральны сакратар арганізацыі сэнэгалец Фатма Самура.
Паводле расьсьледаваньня, праведзенага летась Усясьветным антыдопінгавым агенцтвам (WADA), у Расеі перад чэмпіянатам сьвету 2014 году былі прынятыя захады, каб прыкрыць сваіх футбалістаў ад дыскваліфікацыі, калі яны ня пройдуць допінг-кантроль.
WADA наўпрост не абвінавачвае асноўную расейскую каманду па футболе ва ўжываньні забароненых прэпаратаў, але прыводзіць дакумэнты са спасылкамі на тое, што падобная практыка мела месца сярод гульцоў моладзевай зборнай.
Тым часам Міжнародная фэдэрацыя хакею выступіла з афіцыйнай заявай, у якой выказала нязгоду з калектыўным пакараньнем за допінг і заклікала не адхіляць зборную Расеі ад Алімпіяды-2018 у паўднёвакарэйскім Пхэнчхане.
«Рада IIHF прыйшла да думкі, што ўсім чыстым спартоўцам, у тым ліку з Расеі, павінна быць дазволена прадстаўляць сваю краіну на зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 году», — адзначыў прэзыдэнт фэдэрацыі швайцарац Рэнэ Фазэль.
Ён пагадзіўся, што яго арганізацыя прызнае неабходнасьць супрацьстаяць допінгу ў спорце, аднак удзел у Алімпіядзе не павінен выкарыстоўвацца для пакараньня многіх за дзеяньні нямногіх. Фазэль лічыць, што роля Расеі ў разьвіцьці хакею ня можа быць заніжаная, бо гэтая краіна ёсьць асновай, на якой грунтуецца спадчына хакея.
У сувязі з гэтым Рада IIHF пацьвярджае сваю пазыцыю аб тым, што чыстым спартоўцам з усіх зборных, якія заваявалі пуцёўкі, павінна быць дазволена выступіць на зімовых Алімпійскіх гульнях, — гаворыцца ў заяве Міжнароднай фэдэрацыі хакея.
Канчатковае рашэньне наконт допуску Расеі да Алімпіяды-2018 будзе прынята на паседжаньні выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэту, якое адбудзецца 5-7 сьнежня.
У выпадку, калі хакейная зборная Расеі будзе адхіленая ад зімовых Гульняў у Паўднёвай Карэі, яе месца аўтаматычна зойме Беларусь — беларуская каманда мае найлепшыя рэйтынгавыя паказьнікі сярод усіх канкурэнтаў.