Апазыцыю не бяруць у выбарчыя камісіі, бо ў яе, маўляў, мала досьведу.
Скончылася фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісій, якія будуць праводзіць заплянаваныя на люты 2018 году выбары ў мясцовыя Саветы.
Вынікі свайго назіраньня за першым этапам кампаніі падвялі праваабаронцы.
Замкнёнае кола
Паводле назіральніка зь «Вясны» Валянціна Стэфановіча, зьмены ў практыцы фармаваньня камісій, пра якія шмат казалі ў Цэнтравыбаркаме, у тым ліку тое, што фармаваньне будзе праходзіць пасьля грунтоўнага абмеркаваньня кандыдатур, не паўплывалі на якасны склад гэтых камісій:
«У камісіі прайшлі толькі 20,6% вылучаных прадстаўнікоў апазыцыйных партый, то бок 1 з 5. Затое ў праўладных партый гэты паказчык — 9 з 10. А ў пяці праўладных грамадзкіх арганізацый, якія традыцыйна займаюць больш за траціну месцаў у камісіях, паказчык амаль стопрацэнтавы. Плюс безь перашкод зноў прайшлі мясцовыя чыноўнікі, якіх, як нам кажуць, вылучылі грамадзяне».
А чаму гэтак мала апазыцыянэраў?
«Нам кажуць, што яны ня маюць досьведу працы ў камісіях. Дык адкуль яму ўзяцца, калі на кожных выбарах адно і тое ж? Гэта замкнёнае кола», — адзначае Стэфановіч.
Прыярытэт ня ў партый, а ў праўладных арганізацый
Усяго апазыцыянэры вылучылі ў камісіі 53 прадстаўнікоў, але прайшлі зь іх толькі 7: у склад выбарчых тэрытарыяльных камісій залічылі 5 сябраў беларускай партыі «Справядлівы сьвет», па адным ад БСДП ( Грамада) і АГП. Ад Партыі БНФ у склад камісій не абралі нікога.
З партый, якія назіральнікі «Вясны» называюць праўладнымі, найлепшы вынік атрымала КПБ — камуністы зоймуць 73 месцы ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях на будучых выбарах.
Агулам у склад створаных ТВК увайшлі 125 прадстаўнікоў палітычных партый — гэта 1,2% ад усіх сябраў сфармаваных камісій.
Пяць грамадзкіх арганізацый, на якія ўлада абапіраецца пры фармаваньні выбарчых тэрытарыяльных камісій, — Саюз жанчын, Беларускае грамадзкае абʼяднаньне вэтэранаў, ФПБ, БРСМ і «Белая Русь». Яны агулам вылучылі ў камісіі 3780 чалавек і займаюць у іх 35% месцаў.
Валянцін Стэфановіч адзначыў, што сёлета гэты працэс праходзіў больш галосна ў параўнаньні з выбарамі 2014 году і «фактычна ўсе назіральнікі, хто пажадаў, змаглі прысутнічаць на паседжаньнях органаў, якія фармавалі камісіі».
Але пры гэтым, паводле назіральнікаў, зьвесткі пра паседжаньні, на якіх фармаваліся камісіі, у большасьці выпадкаў не друкаваліся на сайтах. Ёсьць у праваабаронцаў прэтэнзіі і да таго, як ішло галасаваньне за склад камісій.
«Двойчы прадстаўнікамі кампаніі назіраньня былі адзначаныя выпадкі галасаваньня за ўжо загадзя складзеныя сьпісы сябраў ТВК», — зазначана ў справаздачы на сайце «Вясны».
Трапілі ў тэрытарыяльныя камісіі і 11 грамадзян Расеі. Грамадзянам іншых краін удзельнічаць у беларускіх выбарах забаронена законам.
«У нас толькі расейцам дадзенае такое права — яны ня могуць самі абірацца, але маюць права галасаваць і назіраць», — тлумачыць Валянцін Стэфановіч
Нязьменнае кіраўніцтва камісій
Што да выніковага складу выбарчых тэрытарыяльных камісій, дык назіральнікі адзначаюць мінімальную зьмяняльнасьць — і, у прыватнасьці, нязьменнасьць кіраўніцтва.
Прыкладам, ужо другі дзясятак гадоў кіраўнічы склад Жодзінскай гарадзкой выбарчай камісіі адзін і той жа: старшыня — Сяргей Афанасенка (грамадзкае абʼяднаньне «Белая Русь»), намесьнік — Уладзімер Цыёлта, сакратар — Тацяна Краўцэвіч.
На мясцовых выбарах няма палітычнай барацьбы
Які прагноз на выбары ў мясцовыя Саветы, ці будзе на іх забясьпечана яўка? Назіральнік Валянцін Стэфановіч кажа, што парог абавязковай яўкі на мясцовыя выбары зьняты. Але гэта не азначае, на думку праваабаронцы, што ўлады пусьцяць справу на самацёк.
Паводле яго, выбары ў Беларусі «даўно збольшага людзям нецікавыя, бо ў краіне няма палітычнай барацьбы, няма канкурэнцыі палітычных ідэй і палітыкаў, бо ва ўладзе адна асоба».
«Здавалася б, гэта не павінна распаўсюджвацца на мясцовыя выбары, якія нібыта тычацца праблемаў, наўпрост зьвязаных з бытавым, сацыяльным жыцьцём людзей. Але і тут усё меней цікаўнасьці, бо людзі бачаць, у каго рэальная ўлада на месцах, а ў каго толькі мандат, што яна не ў дэпутатаў Савету, а ў чыноўнікаў з выканкаму», — кажа Валянцін Стэфановіч.
Наступным этапам выбарчай кампаніі стане фармаваньне ў сьнежні акруговых камісій па выбарах дэпутатаў абласных Саветаў.