Жалян Віё выступае з апошнім словам. Ён кажа, што ўсё жыцьцё стараўся быць добрым грамадзянінам сваёй краіны.
«Я з павагай ставіўся да законаў Францыі ці любой іншай дзяржавы, дзе ступала мая нага. У мяне не было намеру нашкодзіць і Беларусі. Тут я хацеў наведаць Тацяну, зь якой пазнаёміўся два гады таму ў Барсэлёне. Яна запрасіла мяне паглядзець краіну, я з задавальненьнем пагадзіўся... Нягледзячы на адмоўны досьвед, я не расчараваны. Найперш я ацаніў дабрыню і ўвагу незнаёмых людзей, якія дасылалі мне лісты і пасылкі», — адзначыў 24-гадовы француз.
Жалян Віё сказаў, што любіць падарожнічаць, каб адкрываць для сябе новых людзей у розных частках сьвету.
«Я люблю адчуваньне свабоды. І ні за што не памяняў бы свабоду на гэты патрон, які падарылі мне ў якасьці сувэніру. Я перажыў столькі страху, што гэта паслужыла мне добрым урокам на будучыню. Спадзяюся, што, паглядзеўшы відэа, вы пераканаліся ў маёй невінаватасьці... Тым ня меней, трэба быць больш абачлівымі зь людзьмі, якім аказваеш давер», — паведаміў у апошнім слове Жалян Віё.
Суд сышоў у дарадчы пакой. Прысуд будзе абвешчаны а 12.30.
24-гадовы француз быў затрыманы 21 верасьня на памежным пераходзе Новая Гута і абвінавачаны ў незаконнай перавозцы агнястрэльнай зброі (ч. 2 арт. 295 КК) і незаконным абарачэньні атрутных рэчываў (ч. 1 333-1 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў прадугледжваюць да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Патрон, што знаходзіўся ў ягоным заплечніку, малады чалавек атрымаў у падарунак ад польскага сябра і лічыў муляжом.
З улікам вялікага грамадзкага розгаласу і міжнароднай увагі, 17 лістапада прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачаньня Вольга Лашчанка папрасіла пакараць падсуднага штрафам у памеры 300 базавых велічыняў (6900 рублёў) і вызваліць на парукі. Пры гэтым прадстаўніца пракуратуры адзначыла, што віна іншаземца «цалкам даказаная».
Раней хадайніцтва пра вызваленьне француза пад асабістую адказнасьць падалі Тацяна Мурашка і Марыя Косьцій — менскія сяброўкі Віё, якія пазнаёміліся зь ім падчас адной з вандровак.
У той жа час адвакат абвінавачванага Дзьмітры Пяткевіч заявіў, што яго падабароннага неабходна апраўдаць, бо ніякіх доказаў віны няма, як і прамога намеру на злачынства. Апроч таго, пры першапачатковых сьледчых дзеяньнях не было перакладчыка, гэтым займаліся супрацоўнікі мытні. А згодна з законам, гэтую функцыю мусіць выконваць незацікаўленая асоба.
Як лічыць адвакат, двух месяцаў у СІЗА дастаткова для Жаляна Віё, каб зразумець, што трэба быць больш уважлівым да выбару сяброў і веданьня мясцовага заканадаўства. Ён упэўнены, што апраўдальны прысуд уздыме аўтарытэт Беларусі ў вачах эўрапейскай супольнасьці.