Увечары 17 лістапада чальцы абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі разам з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым і ягонымі міністрамі гаварылі пра дзяржаўны бюджэт на 2018 год. Адбылося так званае «нулявое чытаньне». Журналісты на гэтую сустрэчы запрошаныя не былі.
Свабода здолела ўведаць некаторыя дэталі абмеркаваньня. Кіраўнік ураду, які першым меў слова, пацьвердзіў, што з двух сцэнароў бюджэту — мэтавага і кансэрватыўнага — перавагу аддалі кансэрватыўнаму. Але і ў гэтым варыянце ён будзе з прафіцытам.
Кабякоў таксама заявіў: даляр у 2018 годзе будзе ў сярэднім каштаваць 2,038 рубля.
Дата першага чытаньня праекту бюджэту ў Палаце прадстаўнікоў пакуль ня вызначаная.