«Тэарэтычна такой магчымасьці выключаць нельга», — заявіў 16 лістапада Свабодзе юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч.
«Кожныя выбары ў Беларусі павінны быць прызначаныя ня меней чым за тры месяцы да правядзеньня. Таму ўказ аб мясцовых выбарах, якія плянуецца правесьці 18 лютага 2018 году, мусіць афіцыйна зьявіцца не пазьней за 18 лістапада. А вось на рэфэрэндум гэтае правіла не пашыраецца. Тут дзейнічаюць іншыя ўмовы. На агітацыю „за“ альбо „супраць“ пытаньняў, якія выносяцца на ўсенароднае абмеркаваньне, даецца адзін месяц. Таму тэарэтычна яго можна прызначыць да 18 студзеня наступнага году», — тлумачыць Уладзімер Лабковіч.
Ён дадае, што падобны прэцэдэнт ужо існуе. 17 кастрычніка 2004 году ў Беларусі адбыліся парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум. Указ аб выбарах быў падпісаны 14 ліпеня, а ўказ аб рэфэрэндуме — толькі 7 верасьня.
Тады на рэфэрэндум вынесьлі адно пытаньне: «Ці дазваляеце Вы першаму Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А.Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзыдэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: „Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні?“».
Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, 87,97% выбарнікаў, якія ўдзельнічалі ў галасаваньні, выказаліся за дазвол. Тым чынам Лукашэнка атрымаў магчымасьць абірацца на найвышэйшую дзяржаўную пасаду бясконцую колькасьць разоў.
Раней адна і тая ж асоба магла прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта толькі два тэрміны запар.
«Гавары праўду» выступіла супраць рэфэрэндуму, які прапануе «шкодныя» зьмены
Некаторыя экспэрты не выключаюць, што 18 лютага 2018 году разам з выбарамі дэпутатаў мясцовых саветаў можа адбыцца і рэфэрэндум. На іхную думку, на яго могуць вынесьці два пытаньні: аб падаўжэньні паўнамоцтваў прэзыдэнта зь пяці да сямі гадоў і аб абраньні часткі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў праз партыйныя сьпісы.
Два дні таму, пасьля сустрэчы старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай з Аляксандрам Лукашэнкам, на якой ішлося аб правядзеньні мясцовых выбараў, спадарыня Ярмошына сказала Свабодзе, што «тэма рэфэрэндуму сёньня наагул не абмяркоўвалася».