Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына хоча празрыстыя урны на мясцовых выбарах 18 лютага


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

На пасяджэньні ЦВК зацьверджаны каляндарны плян мясцовых выбараў, якія адбудуцца 18 лютага 2018 году.

Таксама прынятыя мэтадычныя дапаможнікі ў правядзеньні выбараў.

Не пазьней за 24 лістапада будуць утвораныя тэрытарыяльныя выбаркамы. Іх будзе 1309. Акруговыя выбаркамы па выбарах дэпутатаў абласных саветаў і менскіх раённых павінны быць створаныя не пазьней за 4 сьнежня. Участковыя выбаркамы ўтвараюцца не пазьней за 3 студзеня. Апошні тэрмін падачы дакумэнтаў на вылучэньне ў іх склад — у нядзелю 31 сьнежня. Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты пройдзе з 10 сьнежня па 8 студзеня, а рэгістрацыя — з 9 па 18 студзеня. Пасьля рэгістрацыі пачнецца перадвыбарчая агітацыя, якая працягнецца да 18 лютага.

Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, цяпер каляндарны плян дапаўняецца разьдзелам пра стварэньне асабістых выбарчых фондаў кандыдатаў. Сярод іншага ўказаны парадак разьмяшчэньня чальцоў участковых камісій падчас падліку галасоў адносна стала зь бюлетэнямі.

Захавалася ранейшая схема разьмяшчэньня чальцоў камісій.

«Чальцы камісій могуць знаходзіцца толькі па трох баках стала зь бюлетэнямі, якія падлічваюцца. Адзін бок стала абавязкова павінны быць адкрыты для агляду назіральнікаў. Зноў мы даём рэкамэндацыю тым, хто будзе рабіць урны для галасаваньня, каб яны былі па магчымасьці з празрыстых матэрыялаў», — сказала прадстаўніца ЦВК.

На якой адлегласьці павінны знаходзіцца назіральнікі ад стала не прапісана. Лідзія Ярмошына патлумачыла капрэспандэнту Свабоды:

"Адлегасьць павінна быць дастатковай, каб яны маглі рабіць падрабязна агляд працэдуры падліку".

Таксама ў ЦВК паведамілі, што сёлета ня будуць рабіць трафарэтаў для самастойнага галасавання невідушчых выбарнікаў: «Гэта зьвязана з тэхнічнымі момантамі. Выбарнікі атрымліваюць некалькі бюлетэняў. Напрыклад, у сельскай мясцовасьці атрымае адразу тры бюлетэні. Таму трафарэты ня маюць сэнсу».

Таксама Ярмошына сказала, што ніякіх начных зьвестак пра вынікі галасаваньня не будзе. Толькі на наступны дзень будзе давацца папярэдняя інфармацыя.

«Адразу магу сказаць выканкамам, калі вы ў 2 гадзіны ночы падлічылі, выпілі і пайшлі спаць, то ў 9 раніцы вы павінны быць на працы і даваць зьвесткі. І пераправерыць іх. Бо аднойчы я прыйшла, а адна вобласьць прадставіла зьвесткі, дзе пераставіла лічбы. Апынулася, што колькасьць прыняўшых удзел у выбарах была большай, чым колькасьць выбарцаў. Гэта была яўная тэхнічная памылка», — сказала Ярмошына.

На правядзеньне выбараў будзе выдзелена 21 мільен 421 тысяча рублёў.

Усяго будзе ўтворана 5980 участковых выбаркамаў.

Мясцовыя выбары ў Беларусі пройдуць паводле старога закону

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG