14 лістапада Першамайскі раённы суд Менску аштрафаваў за ўдзел у акцыі грамадзкага актывіста Леаніда Кулакова на 40 базавых велічынь, гэта 920 рублёў.
Леанід Кулакоў не адмаўляўся, што браў удзел у мітынгу і шэсьці абураных беларусаў, але спасылаўся на Канстытуцыю, якая гарантуе дэманстрацыю палітычных поглядаў. У судзе паміж актывістам Леанідам Кулаковым і судзьдзёй Сьвятланай Чараповіч узьнік дыялёг. Вось што прыгадаў Леанід Кулакоў:
«Я прасіў даць мне арышт, бо ня маю грошай на выплату штрафаў, патлумачыў, што праз штрафы страціў працу. Судзьдзя перапытала, які мне даць тэрмін. Я пагаджаўся на любы, але яна ў выніку дала вялікі штраф. Мяркую, цяпер ім паступіў такі загад — штрафаваць, а не саджаць. Тады я заявіў, што гэта ня проста пакараньне, а рэпрэсіі за выказваньне палітычных поглядаў, бо на марш абураных беларусаў выйшлі людзі з пратэстам супраць дзейнага палітычнага рэжыму».
У пачатку 2017 году былы таксіст Леанід Кулакоў змог сплаціць некалькі ранейшых штрафаў, са штраф-стаянкі вярнулі арыштаваны аўтамабіль, на якім актывіст зарабляў на жыцьцё, але зноў працаваць ён так і не пачаў. Падчас адбыцьця арышту за 25 сакавіка Леанід Кулакоў у камэры на Акрэсьціна ўдарыў нагу аб жалезны ложак і атрымаў траўму, празь якую дагэтуль кульгае. Лекары прызначылі Леаніду Кулакову апэрацыю. Пры гэтым ён працягваў браць удзел у пратэставых акцыях, якія праходзілі ўлетку і восеньню, а міліцыя складала на яго пратаколы, паводле якіх суды выносілі штрафы. У выніку ў актывіста зноў назьбіралася некалькі нявыплачаных штрафаў агулам больш як на тысячу рублёў. Пры гэтым на працу Леаніда Кулакова нідзе не бяруць.
5 апазыцыянэраў, якіх арыштоўвалі, замест таго каб лячыць
Да Леаніда Кулакова за «Марш абураных беларусаў 2.0» былі аштрафаваныя актывіст Сяргей Марцалеў і блогер Раман Пратасевіч. 1 лістапада за інтэрвію Белсату, дадзенае перад маршам, атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту вядомы паэт і палітычны дзеяч Уладзімер Някляеў, які ў акцыі ўдзелу не браў. Пасьля акцыі паводле ранейшага пратаколу быў асуджаны на арышт арганізатар «Маршу абураных беларусаў 2.0» Мікалай Статкевіч.
Сёньня ў Маскоўскім судзе Менску таксама адбудзецца суд над актывісткай Аленай Талстой. Яе таксама вінавацяць ва ўдзеле ў «Маршы абураных беларусаў 2.0». 16 лістапада за гэта ж будуць судзіць праваабаронцу Валера Шчукіна, 17 лістапада — вядомага актывіста Вячаслава Сіўчыка.