Праз тры тыдні пасьля менскага «Маршу абураных беларусаў» 21 кастрычніка ўчастковы інспэктар Акцябрскага РАУС Гомельскай вобласьці Дзьмітры Крумгольц склаў супраць мясцовай актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алены Луцковіч пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП — удзел у мітынгу на плошчы Незалежнасьці ў сталіцы, які ня быў дазволены Менгарвыканкамам.
«Як сказана ў пратаколе, віна мая ў тым, што я „публічна трымала ў руках плякат з надпісам „Беларуская армія — сэрыйны забойца“ і такім чынам выказвала свае грамадзка-палітычныя погляды“. Бачыце, выказваць свае погляды — гэта ўжо ў нашай краіне правапарушэньне, быццам бы й няма ў нас Канстытуцыі, якая акурат і гарантуе свабоднае выяўленьне сваіх поглядаў», — зьдзіўляецца Алена Луцковіч.
Актывістка зьвяртае ўвагу, што над складаньнем пратаколу працавалі, мінімум тры міліцэйскія структуры — Менскае і Гомельскае ўпраўленьні ўнутраных спраў, а таксама Акцябрскі РАУС. У Менску праглядалі відэастужкі й здымкі, рабілі скрыншоты, запытвалі адпаведныя матэрыялы ў падразьдзяленьні грамадзянства й міграцыі, каб ідэнтыфікаваць жанчыну з плякатам, пісалі рапарты ды перасылалі ў Гомель, а адтуль ужо з адпаведнымі паперамі й рэзалюцыямі справу пераадрасавалі ў райцэнтар Акцябрскі (былая Рудобелка).
«Марш» у Менску адбыўся 21 кастрычніка — у хуткім часе пасьля таго, як у вайсковай частцы ў Печах пад Барысавам быў знойдзены павешаным малады салдат Аляксандар Коржыч. Алена Луцковіч патлумачыла Свабодзе, чаму трымае такі плякат: «Я проста жахаюся ад таго, што майму сыну давядзецца служыць у такім войску».
Дата разгляду адміністрацыйнай справы Алены Луцковіч у судзе Акцябрскага раёну пакуль ня вызначана.