Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь была самай страшнай зонай сьмерці ў сьвеце». Шэсьце і мітынг у Лошыцы


Памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій дапаможа захаваць Беларусь, — заявіў лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк у звароце да ўдзельнікаў мітынгу, які прайшоў 11 лістапада ў Лошыцкім яры ў Менску.

Мерапрыемства было арганізавана Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыяй БНФ і дазволена Менгарвыканкам. Каля чатырох дзясяткаў удзельнікаў шэсьця пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і пад наглядам міліцыі прайшлі ад палаца культуры «Лошыцкі» па вуліцы Маякоўскага да Лошыцкага яра, дзе з 13.00 да 13.40 прайшоў мітынг.

Зварот Пазьняка зачытаў яго намесьнік Сяргей Папкоў. У ім палітык адзначыў, што, паводле агульных ацэнак, у 1937 годзе НКУС расстраляла ў Лошыцкім яры ня менш за 10 тысяч чалавек. Паводле слоў Пазьняка, акрамя Курапатаў і Лошыцы, людзей расстрэльвалі таксама «ў лесе Ваньковіча, дзе цяпер парк Чалюскінцаў, каля Баравой, скідвалі трупы ў балота каля Кунцаўшчыны, Трасьцянца і ў іншых месцах».

Пазьняк спаслаўся на сучаснага дасьледчыка тэрору ў СССР Цімаці Снайдэра, які падлічыў, што ў Беларусі ў той час «было расстраляна і закатавана да сьмерці ў 25 разоў больш людзей, чым у Расеі», а Беларусь, на думку дасьледчыка, «была самай страшнай зонай сьмерці ў сьвеце».

Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі
Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі

«Варвары спэцыяльна расстрэльвалі найлепшых людзей — вучоных, настаўнікаў, паэтаў і пісьменьнікаў, сялян-працаўнікоў, сьвятароў, выхадцаў з шляхты, беларускую адміністрацыю і вярхушку кампартыі, — адзначыў у сваім звароце Пазьняк. — Гэта быў генацыд ня толькі па этнічнай, але і па нацыянальна-арыентаванай прыкмеце. Вывучэньне статыстыкі і засакрэчаных падлікаў насельніцтва паказвае, што з 1921 па 1941 гады з Беларусі зьнікла каля двух мільёнаў чалавек з улікам высланых і пасаджаных у турму».

Лідэр КХП-БНФ адзначыў, што даведаўся пра падзеі ў Лошыцы ў 1988 годзе, але ён адклаў дасьледаваньні з той прычыны, што быў заняты Курапатамі. Праз год Пазьняк, паводле яго слоў, выявіў, што Лошыцкі яр засыпалі, а пазьней на ім зьявіўся гаражны комплекс. На яго думку, такім чынам савецкія спэцслужбы паспрабавалі схаваць сьляды мінулых злачынстваў. Праводзіць дасьледаваньні на гэтым месцы аказалася немагчымым.

«Але людзкая кроў не вада. Кансэрвацыя злачынстваў у Лошыцы яшчэ дачакаецца свайго часу, бо сьвет і навука не стаяць на месцы», — падкрэсьліў палітык у заяве.

Пазьняк заклікаў беларусаў памятаць сваіх продкаў, каб «часы варварства і сьмерці не вярнуліся». «Памятаючы пра іх, захаваем краіну», — сказаў ён.

На мітынгу таксама выступілі намесьнікі старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі, Сяргей Папкоў і адказны сакратар партыі Алесь Чахольскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG