Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без Кастрычніка сапраўды не было б РБ. Была б — Беларусь


Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Аргумэнты прыхільнікаў тэорыі, што «безь Вялікага Кастрычніка не было б БССР, а значыць, і сучаснай Беларусі», нагадалі біяграфію аднаго акадэміка, якую ў школе нам прыводзілі як прыклад магчымасьцяў чалавека пры савецкай уладзе: хлопец-беспрыкутнік, выратаваны з вуліцы ледзь не самім Дзяржынскім (ён узначальваў камісію пра барацьбе з беспрытульнасьцю) — вывучыўся, дасягнуў вяршыняў навукі, атрымаў званьне акадэміка, зрабіўся ляўрэатам Ленінскай прэміі, ну і гэтак далей.

«Очень она правильная, эта наша Советская власть!» (Маяўкоўскі).

Мы, савецкія школьнікі, верылі ў гэта. У адрозьненьне ад дарэвалюцыйных гімназіяў, у нас не выкладалі лёгіку, інакш, магчыма, задаліся б пытаньнем: ну а што яго выкінула на вуліцу? І калі разважаць лягічна, правільны адказ — яна самая, Вялікая кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя. У тыя самыя часы ў ЗША ці ў Вялікабрытаніі навуковых вяршыняў дасягалі без усялякіх рэвалюцый (што праўда — ня мелі Ленінскіх прэмій; затое атрымлівалі Нобэлеўскія).

Шырокі дыяпазон аргумэнтаў на карысьць таго, што нібыта без Вялікага Кастрычніка не было б сучаснай незалежнай Беларусі. Без БССР не было б Рэспублікі Беларусь — асноўны аргумэнт.

І сапраўды: у 1991 годзе незалежнасьці дамагліся толькі тыя рэспублікі, якія мелі так званы «саюзны» статус (іх, нагадаю, было 15) — ніводная аўтаномная рэспубліка незалежнасьці не атрымала (хаця эканамічны патэнцыял, напрыклад, Татарстану быў большы, чым Малдовы). І калі б Беларусь уваходзіла ў склад РСФСР на правах аўтаноміі (як тая ж Татарская АССР) — найхутчэй, яна сёньня была б часткай РФ.

Усё нібыта так, але ёсьць у гэтых разважаньнях нейкая лягічная заганнасьць — як у гісторыі з тым савецкім «беспрытульнікам — акадэмікам».

Дыскутуючы з прыхільнікамі гэтага падыходу, Сяргей Дубавец нагадаў перапіс насельніцтва 1897 году, дзе беларускай мовай назвалі роднай — 6 мільёнаў чалавек.

Мы — іх прапрапраўнукі і прапрапраўнучкі.

Толькі калі б не Вялікі Кастрычнік — нас было б у два ці ў тры разы болей. Дэмографы могуць падлічыць, наколькі болей, калі б не бальшавіцкі тэрор.

А гісторыкі могуць прыгадаць, што «вясна народаў» разьлілася ў 1917-1919 гг. па ўсёй Усходняй Эўропе і нарадзіла новыя краіны. І там, дзе не было сацыялістычных рэвалюцый — гэтыя краіны ўтрымалі незалежнасьць.

У нашых шыротах і БНР, і ЎНР, а пазьней і краіны Балтыі — былі паглынутыя Масквой, над якой лунаў чырвоны сьцяг рэвалюцыі.

Без «Вялікага Кастрычніка» сапраўды б не было БССР — такой, якой яна існавала. Бо незалежнасьць не давялося б паўторна абвяшчаць 25 жніўня 91-га — паколькіо ў гісторыі ўжо было 25 сакавіка 18-га. І была б — вольная дэмакратычная Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG