Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч ацаніў наступствы апошняй адміністрацыйнай справы супраць Уладзімера Някляева. Яна, на думку юрыста, адкрые шэраг адміністрацыйных спраў за распаўсюд зьвестак пра несанкцыянаваныя акцыі.
Гаворка пра зьмены ў адміністрацыйны кодэкс адносна адказнасьці за заклік да недазволенай вулічнай акцыі, якія ўжо прайшлі першае чытаньне ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і неўзабаве стануць законам. На думку праваабаронцы, гэтыя зьмены яшчэ больш абмяжуюць права беларусаў на мітынгі і сходы з выказваньнем сваіх палітычных поглядаў.
«Спадар Някляеў, можна сказаць, стаў першаю ахвяраю анансаванай міністрам унутраных спраў Шуневічам „жэстачайшай лібэралізацыі“. Рэч у тым, што Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні ўжо прыняла Закон Рэспублікі Беларусі „Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях правядзеньня масавых мерапрыемстваў“. Паводле артыкулу 2 гэтага закону, уносяцца зьмены ў частку 1 артыкулу 23.34 КаАП, дзе забарона на публічныя заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах з парушэньнем парадку іх арганізацыі і правядзеньня будзе распаўсюджвацца ня толькі на ўдзельнікаў такіх мерапрыемстваў, але і на іншых асобаў. Такім чынам, частка 1 артыкулу 23.34 КаАП будзе прыведзеная ў адпаведнасьць з артыкулам 8 Закону „Аб масавых мерапрыемствах“.
Што гэта будзе азначаць на практыцы?
„Расшарванне“ ў сацсетках пастоў з заклікамі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве будзе лічыцца правапарушэньнем, таксама як і інтэрвію з такімі заклікамі.
Напрыклад, „расшарванне“ ў сацыяльных сетках кім-небудзь (не арганізатарам і не ўдзельнікам мерапрыемства) пастоў з заклікамі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве будзе ўтвараць склад правапарушэньня паводле часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП. Таксама інтэрвію з такімі заклікамі, якое гэтыя іншыя асобы даюць сродкам масавай інфармацыі, будзе пагражаць ім адміністрацыйным арыштам да 15 сутак».
Пры гэтым праваабаронца заўважыў, што ў дзеяньнях Уладзімера Някляева не назіраецца менавіта закліку да акцыі 21 кастрычніка, а выказаная толькі асабістая думка пра гэтую падзею.
«Ён не казаў ні пра час, ні пра месца правядзеньня акцыі. Някляеў мяркуе, што калі ёсьць воля да абароны сваіх правоў, дык трэба выходзіць і абараняць. Гэта ягоная асабістая думка, якую немагчыма разглядаць як заклік. Але за гэта Ўладзімера Някляева караюць 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. То бок яшчэ ня ўнесеныя зьмены ў Кодэкс, а ўжо паводле іх караюць — гэта недапушчальная і незаконная практыка, бо Кодэкс вышэйшы за закон. Спадзяюся, Менскі гарадзкі суд пры абскарджаньні пастановы Ленінскага раённага суду гэтую пастанову адменіць, а справу супраць спадара Някляева спыніць, бо ў ягоных дзеяньнях няма складу правапарушэньня», — сказаў Валянцін Стэфановіч.
1 лістапада вядомы паэт і грамадзкі дзеяч Уладзімер Някляеў Ленінскім раённым судом быў прызнаны вінаватым у закліках да несанкцыянаванага мерапрыемства і арыштаваны на 10 сутак. У судзе Ўладзімер Някляеў сваёй віны не прызнаў. У інтэрвію польскаму тэлеканалу «Белсат» Уладзімер Някляеў выказаўся пра ўдзел грамадзян у «Маршы абураных беларусаў 2.0», які быў заяўлены на 21 кастрычніка. «Калі ёсьць воля бараніць свае правы, дык трэба выходзіць і бараніць», — сказаў 16 кастрычніка Ўладзімер Някляеў. Пры гэтым пра сябе спадар Някляеў сказаў, што ня ведае, ці будзе ўдзельнічаць у мерапрыемстве.
21 кастрычніка Ўладзімер Някляеў у «Маршы абураных беларусаў 2.0» ня ўдзельнічаў.