Прыватнае прадпрыемства «Гранітны сьвет» і яго ўладальнікі браты Бакіноўскія з Заслаўя атрымалі шырокую вядомасьць, калі адгукнуліся на грамадзкую ініцыятыву талакой усталяваць помнікі на магілах бацькоў і сястры Васіля Быкава. Помнікі з надпісамі па-беларуску Іван і Андрэй Бакіноўскія вырабілі і ўсталявалі коштам свайго прадпрыемства. Гэта не адзіны выпадак дабрачыннасьці буйной кампаніі.
Вырабіць помнікі Быкавым было справай гонару
«Брат прачытаў у інтэрнэце, перапытаў мяне — натуральна, я пагадзіўся без абмеркаваньня, — коратка і сьціпла кажа Андрэй Бакіноўскі пра ўчынак кампаніі. — А мастак, які рабіў подпісы, нават адмовіўся ад заробку за гэтую працу. Гэта была справа гонару — вырабіць помнікі родным такога вялікага чалавека, каб памяць пра іх жыла і надалей».
Спадар Андрэй узгадвае пазьнейшыя цікавыя выпадкі, зьвязаныя з гэтай ініцыятывай.
«Аднойчы прыходзіць чалавек, дае 10 рублёў, дзякуе і кажа: „Ня маю болей, але вазьміце хоць гэта, каб неяк кампэнсаваць вашы страты“, — усьміхаецца бізнэсовец. — Або прыходзіць ранкам чалавек, кажа: я не багаты, сьпяшаюся на працу, але вось заскочыў, каб падзякаваць вам. Паціснуў руку і паімчаўся далей».
Дырэктар адзначае, што пасьля таго, як кампанія вырабіла помнікі Быкавым, паболела замоваў на помнікі зь беларускамоўнымі надпісамі.
«Канечне, гэта прыемна, але мы ня дзеля падзякаў ці вядомасьці гэта рабілі, — кажа Андрэй Бакіноўскі. — Да прыкладу, быў такі выпадак: неяк прачытаў у інтэрнэце пра бабулю, якая засталася з малым унукам, бо яе дачку забілі. І вось гэтая жанчына ня мела сродкаў ня тое што на помнік, а на ўтрыманьне дзіцяці. Мы таксама зьвязаліся з гэтай сям’ёй і таксама бясплатна вырабілі помнік той дзяўчыне».
Неўзабаве высьвятляецца, што бацька і пачынальнік помнікавага бізнэсу — Генадзь Бакіноўскі — па-беларуску пісаў вершы. Адзін з такіх вершаў браты зьмясьцілі на бацькавым помніку.
«Магчыма, і гэта сталася адной з прычынаў пашаны да роднай мовы», — пагаджаецца спадар Андрэй.
Найбольш замаўляюць на Дзяды і Радаўніцу
У двары «Гранітнага сьвету» — каля тысячы помнікаў: розных памераў, колераў, формаў, з выявамі сьвятых і эпітафіямі. Прадпрыемства прапануе зрабіць замову паводле ўласнага густу і сродкаў, дэманструючы варыянты наяве.
«Вось гэта нарвэскі граніт „Блюпэрл“ — мае вельмі прыгожую барвовую афарбоўку і вядомы ва ўсім сьвеце. Але для нас гэта вельмі дарагі камень — у Нарвэгіі толькі сыравіна каштуе дзьве тысячы эўра за кубічны мэтар, — кажа Бакіноўскі. — Вось гэта граніт фінскі — „Балморал“ і „Кругрэй“ — з чырвоным адценьнем і больш „дэмакратычны“ ў коштах, выкарыстоўваюцца яны нашмат часьцей. А найбольш мы працуем з карэльскім гранітам — „Гранатавы амфібаліт“ і „Суспенсары“, таксама „Шаханскі парфір“ — вельмі цьвёрды камень».
Пра кожны ўзор каменю гаспадар можа распавесьці гісторыю:
«Вось з такога кварцыту выраблялі саркафаг для Напалеона, і на такім жа напісана „Ленін“ на маўзалеі. Нашыя ж спажыўцы найбольш замаўляюць „Габрыдыябас“ — цьвёрды, чорны зь сівізной камень — так склалася традыцыя, што перавага аддаецца цёмным колерам».
Што да граніту зь Мікашэвічаў, то ён ня толькі шэра-мышынага колеру, але і вельмі крохкі, таму ідзе толькі на шчэбень.
«Калі чалавек мае вельмі абмежаваныя сродкі, то мы прапаноўваем помнікі з гранітнага шчэбеню і цэмэнту. Натуральна, што гэта найменш трывалы варыянт — помнік разьлічаны на 25 гадоў. Але замаўляюць і такія».
Яшчэ адзін з этапаў — праца мастака і тэкставіка. Празь ягоныя рукі праходзяць гравіроўкі, шрыфты, эпітафіі і партрэты. Супрацоўнік Аляксандар Бакіноўскі расказвае, што цяпер найчасьцей замаўляюць беларусы:
«Тэксты аздабляем срэбрам альбо „пад золата“. А замест гравіроўкі партрэта на помніку цяпер усё часьцей замаўляюць фатаздымак унутры помніка і за шклом. Выходзіць прыгожа і максымальна блізка да аблічча памерлага чалавека, што асабліва цешыць ягоных сваякоў», — кажа ён.
«Увосень да Дзядоў замаўляюць найбольш помнікаў, а ўвесну — да Радаўніцы. Гэта ўжо традыцыя», — працягвае дырэктар. Патрэба ж эканоміць адбілася і на мэмарыяльных звычках. Паводле бізнэсоўца, кошт стандартнага помніка — ад 260 рублёў і вышэй.
«Апошнімі гадамі помнікі неяк „скурчыліся“, — кажа ён. — Калі раней помнік у 5 сантымэтраў лічыўся неверагодна тонкім, то сёньня гэта ўжо стандартны памер. Натуральна, што людзі гэта робяць з прычыны эканоміі. А зь іншага боку — усё часьцей замаўляюць добраўпарадкаваньне пахаваньня, дэкаратыўныя агароджы з кованкі — гэта вельмі прыгожа».
Але празьмернай эканоміі бізнэсоўцы раяць пазьбягаць — можа абысьціся даражэй. «Перадусім раю не замаўляць помнікі ў розных гаражах і падсобках, або „на каленях“ у прадстаўнікоў „фірмаў“, якія прыходзяць проста на могілкі. Яны прывабліваюць меншымі коштамі, але за гэтым схаваныя небясьпекі і рызыкі. Калі пазьней давядзецца выпраўляць дэфэкты, то такіх „бізнэсоўцаў“ можна і не знайсьці».
А яшчэ: «Вельмі мала замаўляюць доўгажыхарам. А ўсё часьцей — маладым людзям. Вось, да прыкладу, на гэтым участку, дзе мы цяпер стаім, пераважна пазначана — 1965, 1975, 1985 гадоў нараджэньня. І толькі адна жанчына доўгажыхар — 1924 году...»