1 лістапада сьвет адзначае Міжнародны дзень вэгана. Ініцыятарам гэтага Дня выступіла Таварыства вэганаў у 1994 годзе. Вэганы выключаюць цалкам усе прадукты жывёльнага паходжаньня.
Дакладнай статыстыкі, колькі людзей прытрымліваюцца вэганскай дыеты ў сьвеце, на сёньняшні дзень не існуе. Паказчыкі вар’ююцца ад краіны да краіны. Лічыцца, што ў сярэднім прыкладна 10% зямнога насельніцтва вэгетарыянцы і прыкладна 1% — строгія вэгетарыянцы або вэганы.
Я ў сваёй практыцы бачу ўсё больш і больш тых, хто з розных прычынаў (у асноўным этычных) перайшоў на расьлінную ежу. Колькасьць вэганаў адназначна расьце.
Вэганская дыета выгадная для хатняга бюджэту — з выдаткаў выдаляюцца такія дарагія катэгорыі прадуктаў, як рыба і мяса. Пры правільным плянаваньні часу на гатаваньне вэганскіх страў таксама патрабуецца няшмат.
Нядаўна для тых, хто хоча прытрымлівацца вэганскага ладу жыцьця, і тых, хто хоча спажываць менш жывёльных прадуктаў, я напісала кнігу «Чыстая ежа». Кніга складаецца з дзьвюх частак: тэарэтычнай і практычнай. У тэарэтычнай частцы я распавядаю пра самыя галоўныя элемэнты ў харчаваньні вэганаў. Практычная частка кнігі — гэта рэцэпты. Я склала збалянсаванае мэню на ўвесь тыдзень і сьвяточнае мэню зь дзесяці страў.
Дарэчы, афіцыйная пазыцыя ўсіх прызнаных нацыянальных асацыяцый дыетолягаў наступная: належным чынам сплянаваныя вэгетарыянскія (у тым ліку вэганскія) дыеты зьяўляюцца паўнавартаснымі і маюць перавагі для здароўя, такія як прафіляктыка і лячэньне некаторых захворваньняў. Гэтыя дыеты падыходзяць для ўсіх этапаў жыцьцёвага цыклу, уключаючы цяжарнасьць, пэрыяд ляктацыі, маленства, дзяцінства, падлеткавы ўзрост, дарослае жыцьцё, пажылы век.
Вэгетарыянцы і вэганы маюць істотна паніжаную рызыку пэўных захворваньняў, у тым ліку ішэмічнай хваробы сэрца, цукровага дыябэту 2-га тыпу, гіпэртаніі, некаторых відаў раку і атлусьценьня. Да таго ж дыеты на расьліннай аснове зьяўляюцца больш экалягічна ўстойлівымі, чым дыеты, багатыя на прадукты жывёльнага паходжаньня, паколькі яны выкарыстоўваюць менш прыродных рэсурсаў.
Нядаўна навукоўцы правялі матэматычны аналіз і падмацавалі гэта сьцьвярджэньне шакуючымі лічбамі. Напрыклад, калі б увесь сьвет перайшоў на вэганізм, то выхлапы вуглякіслага газу скараціліся б на 70%, 8.1 млн. сьмерцяў было б папярэджана штогод, а эканамічная выгада склала б каля 940 млн. эўра за год!
Сярод вядомых вэганаў — Біл Клінтан, Наталі Портман, Майк Тайсан, Аланіс Морысэт.