Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянкі і кветкі чэкістам за іх «кіпучую дзейнасьць» 


Помнік чэкістам у Смаргоні
Помнік чэкістам у Смаргоні

У той час, як бязьвінныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій дзясяткі гадоў замоўчваліся афіцыйнай прапагандай, паўсюдна паўставалі помнікі іх катам. Адзін з такіх «мэмарыялаў» месьціцца ў Смаргоні на Гарадзеншчыне.

Скульптурная кампазыцыя ў выглядзе шчыта, мяча і чырвонай зоркі з савецкай атрыбутыкай усталяваная на ўваходзе ў гарадзкі парк. На мармуровай пліце надпіс па-расейску: «Слава чекистам, павшим в борьбе с врагами нашей Родины».

Што за ворагі супрацьстаялі супрацоўнікам НКВД, не ўдаклядняецца, але ў сьвятле сёньняшняга дня выглядае, што заміналі жыць перадусім свае ж грамадзяне.

Удзячнасьць за дзейнасьць
Удзячнасьць за дзейнасьць

Ужо ў паваенны час у справе выкрывальніцтва палітычных апанэнтаў актыўнічаў малады лейтэнант Аляксандар Іваноў. Ня выключана, што менавіта яму даручылі злавіць і пакараць актывістаў паваеннага антыбальшавіцкага падпольля на чале з Расьціславам Лапіцкім і Факундам Несьцяровічам. У выніку некалькі дзясяткаў патрыётаў атрымалі пажыцьцёвыя тэрміны ў лягерах, а Лапіцкі асуджаны да расстрэлу.

Зрэшты, сам Іваноў загінуў ад рук усё тых жа ворагаў савецкай улады ў 26-гадовым узросьце ў жніўні 1950-га. Па іроніі лёсу, у той жа год, як была ўзятая група Лапіцкага. Уласна кажучы, праз асобу лейтэнанта-расейца і ўшаноўваюцца мясцовыя чэкісты. Спачатку ён ляжаў на гарадзкіх могілках, але на рашэньне ідэолягаў быў перанесены ў больш люднае месца.

Згодна са сьпісам арганізацый, якія апекуюцца помнікамі героям вайны на Смаргоншчыне, добраўпарадкаваньнем чэкісцкага манумэнту азадачаныя мясцовы аддзел камітэту дзяржбясьпекі, раённая міліцыя і гарадзкая гімназія. Ці выходзяць на суботнікі з граблямі сілавікі, невядома, але школьнікаў, мяркуючы па ўсім, сюды выганяюць рэгулярна.

Знакі пашаны органам НКВД
Знакі пашаны органам НКВД

Тэрыторыя вакол помніка акуратна прыбраная ад лісьця, пліты памытыя, абноўленыя кошык і вянок са штучнымі кветкамі. Памяць пра кіпучую дзейнасьць «слаўных чэкістаў» падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні.

29 кастрычніка 1937 году здарыўся адзін з самых чорных дзён у гісторыі ўсяго беларускага народу. Карнікі НКВД расстралялі цэлую групу пісьменьнікаў, сярод якіх былі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Міхась Чарот ды іншыя. Усяго ў «чорную ноч» былі зьнішчаны больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі і дзяржаўнага апарату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG