Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рута Ванагайце ў цэнтры новага скандалу, яе кнігі здымаюць з продажу


Рута Ванагайце ў інтэлектуальным клюбе Сьвятланы Алексіевіч
Рута Ванагайце ў інтэлектуальным клюбе Сьвятланы Алексіевіч

Найперш бурлівую рэакцыю грамадзтва выклікала яе інтэрвію тэлеканалу LRT, у якім яна расказала, што знайшла ў архівах КГБ інфармацыю пра тое, што адзін з кіраўнікоў літоўскага паваеннага рэзыстансу Адалфас Раманаўскас-Ванагас быў агентам савецкіх спэцслужбаў, а таксама, паводле зьвестак дырэктара Цэнтру Візэнталя Эфраіма Зурафа, удзельнічаў у забойствах габрэяў.

Кампрамат з архіваў КГБ

У савецкія часы, піша Ванагайце ў сваім профілі ў Фэйсбуку, партызанаў дэманізавалі, цяпер зь іх робяць анёлаў:

«Праўда ў тым, што яны былі людзьмі. Адны змагаліся і не зламаліся, іншыя рабавалі і помсьцілі цывільнаму жыхарству, а трэція, як Раманаўскас-Ванагас, зламаліся. Калі яго схапілі, ён спрабаваў скончыць самагубствам, а калі яго вылечылі, ён выдаў з адрасамі усіх 22 чалавек, якія яго хавалі, і ўрэшце пачаў услаўляць камунізм — каб атрымаць лягчэйшае пакараньне».

Літоўскія гісторыкі запярэчылі Ванагайце і зазначылі, што матэрыялы з архіваў спэцслужбаў ня могуць быць аб’ектыўным сьведчаньнем і што ў стваральнікаў тых дакумэнтаў магла быць і мэта дыскрэдытацыі кіраўнікоў партызанскага руху.

Гісторык Арвідас Анушаўскас цьвердзіць, што нельга да справаў КГБ падыходзіць як да прадуктаў юрыдычнай сыстэмы дэмакратычнай дзяржавы:

«Нічога дзіўнага, калі справу бярэ ў рукі чалавек, які ніколі не дасьледаваў гісторыю, які ня ведае ні як ствараліся тыя справы, ні як стэнаграфаваліся, што зь іх выпала, а што дадалося. Яна ня ведае ні пра фальшаваньні, ні пра спробы кампрамэтацыі асобы, ні пра цэнзуру апошняга слова ў судзе».

Паводле Анушаўскаса, Раманаўскас-Ванагас перажыў найстрашнейшыя катаваньні — яго кастравалі, выкалалі вока, падчас катаваньня ён упаў у кому. Пасьля году фізычнага і маральнага катаваньня ў 1957 годзе ён быў засуджаны на сьмяротнае пакараньне.

Літоўскі Сойм мае намер абвясьціць 2018 год Годам Раманаўскаса-Ванагаса.

Прамоцыя новай кнігі

У электронных мэдыях і ў сацсетках зьявіліся меркаваньні, што выказваньні пісьменьніцы мелі на мэце прыцягнуць увагу да яе новай кнігі, якая выйшла днямі ў выдавецтве «Alma littera», у якім выйшла і кніга «Нашы». Новая кніга «Курыца з галавою салакі» — аўтабіяграфічная, сама аўтарка дала ёй падзагаловак «Голая праўда пра жыцьцё Руты Ванагайце».

На скандал вакол выказваньняў Руты Ванагайце зрэагавалі і сацыяльныя сеткі, іх карыстальнікі пачалі ўжываць хэштэг #AšEsuVanagas (Я — Ванагас). У пятніцу раніцай пісьменьнік і журналіст Андрус Тапінас зьвярнуўся да выдавецтва «Alma littera» з просьбай выказаць сваё стаўленьне да выказваньняў адной зь яго аўтарак. Калі б выдавецтва праігнаравала ягоную просьбу, Тапінас, сам папулярны пісьменьнік, папярэдзіў, што больш там выдаваць свае кнігі ня будзе.

Празь некалькі гадзінаў выдавецтва выступіла з афіцыйным паведамленьнем:

«Рэагуючы на выказваньні Руты Ванагайце, «Alma littera» вырашыла спыніць супрацоўніцтва з Р. Ванагайце і неадкладна зьняць усе яе кнігі з гандлю. «Alma littera» таксама адмяжоўваецца ад любых заяваў Р. Ванагайце».

Сама аўтарка даведалася пра рашэньне выдавецтва з мас-мэдыяў. «Калі выдавецтва, якое цаніла аўтара і выдала яго кнігу 15-тысячным тыражом... я цяпер і ня ведаю, куды яно падзене кнігі. Па мне дык хай хоць спаліць», - адрэагавала Рута Ванагайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG