Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяўба ды ўборачная праваленыя? Работнікі гаспадаркі на Гомельшчыне крытыкуюць начальніцкае бязладзьдзе


На мэхдвары ў Крыўску
На мэхдвары ў Крыўску

На ранішнім страйку ў Крыўску механізатары патрабуюць працы, добрага заробку і паважлівага стаўленьня.

Раніцай 26 кастрычніка каля паўсотні мэханізатараў ды кіроўцаў камунальнага сельскагаспадарчага УП «Крыўск» Буда-Кашалёўскага раёну на Гомельшчыне адмовіліся пачынаць працу, пакуль не расказалі журналістам пра невыносныя ўмовы, дабітую тэхніку і грэблівае стаўленьне дырэкцыі да талковых спэцыялістаў гаспадаркі.

Нягледзячы на мокры сьнег, механізатары стаялі каля ўваходу на машынны двор і наперабой расказвалі пра набалелае.

«Я мэханізатар зь вялікім стажам, працую на любой тэхніцы, — тлумачыць трактарыстка, якая назвалася Галінай. — Рукі апускаюцца. Узялі нашыя пуцёўкі, сталі перапраўляць, каб урэзаць заробкі. Пералічылі. І атрымалася, што на перавозцы зялёнай масы за дзень я зарабіла 1 рубель 60 капеек. Я не маўчу. Начальства лямантуе: «Хто будзе выступаць, таго звальняем». Запчастак для трактароў няма, маторнай алівы няма — працуй як хочаш. Прыяжджала начальніца райсельгасхарчу Людміла Пракапенка, мы ёй пра свае беды, а яна ў адказ: «Можаце хоць усе звальняцца — новых возьмем».

Сяргей Казлоў у сельскай гаспадарцы таксама не навічок, больш як два дзесяцігодзьдзі ў механізатарах.

«У нас больш за шэсьць дзясяткаў трактароў, а на хаду прыкладна чацьвёртая частка. Саўгас наймае тэхніку, каб весьці палявыя работы. Мой трактар ужо месяц разабраны. Кажуць, няма за што купіць запчасткі. Так і перабіваемся: падрамантуеш тэхніку, рублёў трыста заробіш, не пашанцавала — атрымлівай 180 рублёў», — кажа Казлоў.

Тэхніка на прыколе
Тэхніка на прыколе

Механізатары тлумачаць, што мясцовыя начальнікі замест дзелавых стасункаў часьцей за ўсё прыбягаюць да грубасьці і запалохваньня.

«Толькі й чуем: звольнім, звольнім. А звольняць, ты ўжо дармаед — плаці падатак. А з чаго? Тут і працуючы паўтары сотні атрымаеш. За 26 пасеяных гектараў азімых налічваюць 11 рублёў заробку. Як сям’ю карміць, у толк ня возьмем», — абураецца Сяргей Сьвярдлоў.

Сяўба ды ўборачная праваленыя

Працаўнікі сьцьвярджаюць, што празь няспраўную тэхніку ня здолелі сёлета своечасова справіцца з асеньнімі палявымі работамі — пасеялі толькі 1310 гэктараў азімай пшаніцы і жыта, хоць меліся засеяць сама меней 5 тысяч гектараў. Выпаў ужо першы сьнег, а ў полі стаіць яшчэ звыш 800 гэктараў кукурузы.

«Дырэктар Зубараў звальвае ўсё на маладога галоўнага агранома Флер’яновіча: ня ўбраў, не пасеяў. А ён што — касою скосіць тую кукурузу? Ці мы яе скосім? У наш КСУП аб’ядналі пяць гаспадарак. Махіна. А дырэктарам паставілі будаўніка па прафэсіі. Гаспадарку ён, па сутнасьці, аддаў на водкуп начальніку аховы — той усім запраўляе», — кажуць мэханізатары.

Аграном Флер’яновіч
Аграном Флер’яновіч

Малады аграном Міхаіл Флер’яновіч, які скончыў Горацкую сельгсакадэмію з адзнакай, атрымліваў у акадэміі прэзыдэнцкую стыпэндыю, толькі сёлета ўлетку прыехаў у гаспадарку. Ён пацьверджвае, што з прычыны няспраўнай тэхнікі восенскую пасяўную ў Крыўску пачалі толькі 3 кастрычніка і, натуральна, ня ўправіліся да сьнегу.

Людзі кажуць, што працуюць без настрою, бо ня ведаюць ні нормаў, ні расцэнак, хоць у гаспадарцы ажно чатыры эканамісты.

«Я толькі месяцы два працаваў спакойна. Склаў план на восеньскую пасяўную, стаў патрабаваць ад інжынэрнай службы, каб адпаведную тэхніку прывялі да ладу. Былі толькі адгаворкі. Галоўны інжынэр у сярэдзіне верасьня звольніўся — і ўсе шышкі пасыпаліся на мяне. Але людзі мяне падтрымліваюць. Відаць, забаяўся дырэктар канкурэнцыі. Цяпер ён патрабуе здаць справы і пакінуць саўгаснае жыльлё, якое я адрамантаваў уласнымі сіламі», — скрушна заўважае галоўны аграном.

Кіраўніцтва гаспадаркі «моцна занятае»

Дырэктар гаспадаркі Андрэй Зубараў, якога перавялі ў Крыўск з намесьнікаў кіраўніка КСУП «Урыцкае» Гомельскага раёну, не знайшоў часу пагутарыць з журналістамі — перадаў праз начальніка аховы Мікалая Рабцава, што моцна заняты.

Сам начальнік аховы лічыць, што механізатары скардзяцца найперш з прычыны навядзеньня парадку ў гаспадарцы:

«Мы нават паліўныя бакі аплямбавалі, каб ніхто ня мог узяць і літра саляркі. Гэта многім не даспадобы».

Дойныя каровы па калені ў гразі
Дойныя каровы па калені ў гразі

Падобныя тлумачэнні вяскоўцы не ўспрымаюць. Людзі бачаць, што азімыя не дасеяныя, кукуруза ня ўбраная, дойныя каровы ды цяляты плюхаюцца ў загонах па калені ў гразі. Спраў хапае, а парадку бракуе.

Кукуруза пад сьнегам
Кукуруза пад сьнегам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG