Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не выконвалі выхаваўчай ролі». Навошта ў Польшчы ліквідавалі гімназіі


Войцэх Стажыньскі
Войцэх Стажыньскі

Пакуль у Беларусі толькі плянуюць прыраўняць гімназіі да школаў, у суседняй Польшчы іх сёлета цалкам ліквідавалі. Стваральнік Грамадзкага адукацыйнага таварыства, дырэктар фонду «Бацькі-школе», ініцыятара недзяржаўнай адукацыі ў Польшчы Войцэх Стажыньскі распавёў Свабодзе пра асаблівасьці польскай сістэмы адукацыі, а таксама пра прычыны і наступствы гэтага рашэньня.

У ранейшай асьветнай сыстэме ў Польшчы навучаньне ў пачатковай школе трывала 6 гадоў, потым вучні ішлі ў 3-гадовую гімназію. Пасьля гімназіі вучобу можна было працягваць у 3-гадовым ліцэі або ў 4-гадовай сярэдняй спэцыяльнай школе, або ў 3-гадовай прафтэхвучэльні.

З 1 верасьня 2017 году вярнулася 8-гадовая пачатковая школа ды 4-гадовы ліцэй, 5-гадовая сярэдняя спэцыяльная школа, 3- і 2-гадовыя прафтэхвучэльні, як гэта было за камуністычны часам і ў першым дзесяцігодзьдзі посткамуністычнай Польшчы.

— Што стала прычынай ліквідацыі гімназій у Польшчы?

— Амаль дваццаць гадоў існаваньня гімназіяў паказалі, што гэтая структура ў адукацыйнай сыстэме мае шмат слабых пунктаў. Найважнейшыя сярод іх — два.

Па-першае, пры пераходзе вучняў у гімназію занадта рана наступаў разрыў кантактаў і сувязяў паміж вучнямі — а новыя сувязі ўжо не ствараліся. Тое ж самае тычыцца і бацькоў.

Па-другое, мы ўсьвядомілі сабе, што існуе патрэба ўвесьці 4-гадовы ліцэй і 5-гадовую сярэднюю спэцыяльную школу, таму што 3-гадовы ліцэй і 4-гадовая спэцыяльная школа не дасягалі патрэбных стандартаў. Вучні, якія здавалі экзамэн на атэстат сталасьці і потым паступалі ў ВНУ, былі непадрыхтаваныя да дарослага жыцьця і далейшай вучобы, што выразна падкрэсьлівалася ўсімі рэктарам і прафэсарамі ВНУ.

3-гадовая гімназія не выконвала ніякай выхаваўчай ролі

Да гэтага, зразумела, дайшла патрэба зьмяніць праграмы навучаньня і выхаваньня, таму што адукацыйная сыстэма з гімназіяй зламала прынцып, паводле якога школа павінна ня толькі навучаць, але і выхоўваць. 3-гадовая гімназія не выконвала ніякай выхаваўчай ролі.

— А ці бачыце вы нейкія мінусы рашэньня ліквідаваць гімназіі?

— Заўсёды можна казаць, што мінусам гэтага рашэньня зьяўляецца арганізацыйны беспарадак ці хаос на пачатку рэформы. Аднак у Польшчы не наступіў нейкі сур’ёзны арганізацыйны хаос у адукацыйнай сыстэме, але невялікія непаладкі выступаюць. Некалі я сам быў прыхільнікам увядзеньня гімназіяй, але, назіраючы за гэтай сыстэмай на працягу 19 гадоў, я прыйшоў да высновы, што трэба даць задні ход.

Беручы пад увагу маштаб усёй адукацыйнай сыстэмы, я ня бачу мінусаў у вяртаньні папярэдняй школьнай структуры: 8-гадовая пачатковая школа, 4-гадовы ліцэй або 5-гадовая сярэдняя спэцыяльная школа.

— Як новая школьная структура можа паўплываць на ўзровень ведаў вучняў або эфэктыўнасьць працы настаўнікаў?

— Гэтая зьмена паўплывае безумоўна станоўча. Таму што разам з гэтым наступае зьмена праграмаў навучаньня, і сярэдняя школа перастане быць школай, дзе рыхтуюць толькі да таго, каб прайсьці тэставаньне на атэстат сталасьці, а станецца месцам, дзе моладзь сапраўды будзе набываць шырокія веды.

Гэта велізарны выклік для настаўнікаў

Што тычыцца настаўнікаў, дык гэта сапраўды велізарны выклік для іх, і яны павінны зь ім справіцца. Таму я хачу зьвярнуць вашу ўвагу, што разам са структурнай зьменай, разам зь ліквідацыяй гімназіяў, у Польшчы праходзіць вельмі сур’ёзнае рэфармаваньне сыстэмы прафтэхвучэльняў і сыстэмы павышэньня кваліфікацый настаўнікаў.


«Гімназіі „апусьцілі“ пад узровень настаўнікаў»: настаўнікі і бацькі — пра новую рэформу ў адукацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG