Праз выбух, які адбыўся напярэдадні амаль у цэнтры ўкраінскай сталіцы, загінулі дзьве асобы і пяцёра параненыя, сярод якіх народны дэпутат Украіны Ігар Масійчук і палітоляг Віталь Бала.
Сёлета гэта ўжо трэці выпадак, зьвязаны з падкладзенай у транспарт выбуховаю прыладаю — у чэрвені загінуў супрацоўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Максім Шапавала, а ў верасьні — грамадзянін Грузіі Тымур Махауры, які на баку ўкраінскай улады ваяваў на Данбасе ў складзе добраахвотніцкага батальёну імя Джахара Дудаева. Летась у ліпені ў выніку выбуху аўтамабіля загінуў беларускі журналіст Павал Шарамет.
Паплечнік Алега Ляшка і вэтэран «Азова»
Ігар Масійчук пасьля абраньня ў 2014 годзе ў парлямэнт паводле сьпісаў Радыкальнай партыі Алега Ляшка быў прызначаны першым намесьнікам старшыні камітэту ў пытаньнях заканадаўчага забесьпячэньня праваахоўнай дзейнасьці. У Вярхоўную Раду Ўкраіны ён прыйшоў фактычна з фронту, дзе ваяваў у складзе добраахвотніцкага батальёну «Азоў» і быў намесьнікам камандзіра.
З маладых гадоў Ігар Масійчук быў актыўным удзельнікам нацыянальна арыентаваных грамадзкіх арганізацый — у 22 гады ён далучыўся да праварадыкальнай арганізацыі «УНА-УНСО», а пазьней — да партыі «Свабода» і Сацыял-нацыянальнай асамблеі. Выбіраўся дэпутатам у гарадзкую раду ў Васількове (горад у 25 кілямэтрах ад Кіева). І менавіта ў гэтым статусе ў яго пачаліся першыя праблемы з уладаю.
Улады Януковіча лічылі Масійчука тэрарыстам
У жніўні 2011 году Ігара Масійчука разам зь іншым дэпутатам Васількоўскай гарадзкой рады затрымалі супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы тэракту — яны нібыта плянавалі падарваць помнік Леніну ў Барыспалі (хоць на той момант помнік ужо быў дэмантаваны паводле рашэньня мясцовых уладаў) і рыхтавалі тэракт у Кіеве на Дзень Незалежнасьці. Тады ён ўпершыню трапіў у вязьніцу і быў асуджаны на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі.
Фактычна з гэтай справы ў часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча пачалася сэрыя сфабрыкаваных спраў ды правакацый супраць актывістаў сацыял-нацыяналістычнага руху.
Ігар Масійчук разам са сваімі паплечнікамі быў вызвалены ўжо пасьля падзеяў на Майдане — у лютым 2014 году Вярхоўная Рада ўхваліла закон аб рэабілітацыі палітычных вязьняў, а ў студені 2015-га апэляцыйны суд Кіеўскай вобласьці апраўдаў усіх і прызнаў невінаватымі.
Новая справа пры новай уладзе
У верасьні 2015 году тагачасны генэральны пракурор Украіны Віктар Шокін прадэманстраваў на паседжаньні парлямэнту відэа, на якім дэпутат-радыкал нібыта атрымліваў хабар за дапамогу ў прадпрымальніцкай дзейнасьці. Тады ж дэпутаты падалі прашэньне пракуратуры аб пазбаўленьні Ігара Масійчука дэпутацкай недатыкальнасьці і ягоным арышце. Праз гадзіну ён быў затрыманы і выведзены з будынка парлямэнту сіламі двух дзясяткаў супрацоўнікаў СБУ. Супраць Ігара Масійчука выставілі абвінавачаньні адразу паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — атрыманьне хабару, хуліганства, пагроза або гвалт у дачыненьні да службовай асобы, умяшаньне ў дзейнасьць судовых органаў і гвалт у дачыненьні да судзьдзі.
У сваю чаргу Ігар Масійчук назваў гэтыя абвінавачаньні сфальсыфікаванымі і асабістаю помстаю генэральнага пракурора за намер дэпутата абнародаваць доказы віны Віктара Шокіна ў выкраданьні матэрыялаў справы Георгія Гангадзэ і фальсыфікацыі некалькіх іншых спраў.
Аднак у лістападзе 2015 году Вышэйшы адміністрацыйны суд Украіны прызнаў незаконнай і адмяніў пастанову Вярхоўнай Рады аб зьняцьці недатыкальнасьці і арышце Ігара Масійчука.
Скандаліст
Зь імем Ігара Масійчука зьвязваюць шэраг скандалаў.
У канцы лютага 2014 году, калі ў Крыме пачалі арганізацыю рэфэрэндуму аб незалежнасьці і далучэньні да Расеі, Ігар Масійчук паабяцаў адправіць на паўвостраў «цягнік дружбы»: «Мы, як у 90-м УНСО, паедзем у Крым, і тады публіка, падобная гэтай, як пацукі ўцякала, калі калёна унсоўцаў уваходзіла ў Сэвастопаль. Саборнасьць ёсьць адной з нашых самых вялікіх каштоўнасьцяў». Пазьней дасьледчыкі аналітычнага цэнтру RAND прызналі гэтую заяву каталізатарам крымскага крызісу.
У траўні 2014 году ў складзе групы байцоў батальёну «Азоў» Ігар Масійчук пад пагрозай зброі паставіў на калені супрацоўнікаў ДАІ ў Бярдзянску за тое, што яны спынілі аўтамабіль без нумароў, у якім ён ехаў.
Пасьля перастрэлкі ў Грозным, якая адбылася 4 сьнежня 2014 году, украінскі дэпутат заявіў, што «чачэнцы адкрываюць другі фронт». Тады ж кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў праз свой Instagram даручыў мясцовым праваахоўным органам распачаць крымінальныя справы ў дачыненьні да Ігара Масійчука за нібыта «аказаньне садзейнічаньня бандыцкім вылазкам». Тады ж Сьледчы камітэт Расеі адкрыў адпаведную крымінальную справу за публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці і публічнае апраўданьне тэрарызму.
Трагедыю ў Адэсе, што адбылася 2 траўня 2014 году, калі ў выніку пажару загінулі 42 прарасейскія актывісты і каля 200 асобаў былі параненыя, Ігар Масійчук назваў «першым пераможным для Ўкраіны боем са спрадвечным ворагам».
Сярод апошніх падзей, у якіх Ігар Масійчук браў удзел, — пасяджэньне Сьвятошынскага раённага суду Кіева, які выбіраў меру стрыманьня для кіраўніка добраахвотніцкага руху «Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў» Міколы Каханоўскага, затрыманага за перастрэлку ў Кіеве. Абараняючы Міколу Каханоўскага ад арышту, ягоныя паплечнікі разграмілі залю суду.
Абаронца беларускіх добраахвотнікаў
Ігар Масійчук з часоў свайго ўдзелу ў добраахвотніцкім батальёне «Азоў» падтрымлівае беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся на баку ўкраінскіх уладаў на Данбасе.
У траўні 2015 года ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат» Ігар Масійчук заклікаў беларускую ўладу не перасьледаваць беларусаў, якія дапамагалі Ўкраіне адстойваць тэрытарыяльную цэласнасьць, і абвяргаў, што яны атрымліваюць за гэта вялікія грошы:
«Я мяркую, што спадара Лукашэнку ўводзяць у зман, бо толькі цяпер заканадаўча нармуецца ўдзел замежных добраахвотнікаў ва Ўзброеных сілах, і, адпаведна, добраахвотнікі змогуць скласьці кантракт на праходжаньне вайсковай службы ў шэрагах Узброеных сілаў Украіны. Дагэтуль жа няма такога, каб нехта плаціў 10 тысяч — ня тое што беларускаму добраахвотніку, а любому добраахвотніку, і гэта сьмешна. Відаць, прэзыдэнт Беларусі трапляе ўсё часьцей і часьцей пад уплыў расейскіх мэдыя. Добра яшчэ, што ня кажа, што ў беларускіх добраахвотнікаў ёсць два рабы ў кожнага. Гэта абсурд і няпраўда.
Насамрэч утрымліваюцца яны выключна за кошт валянтэраў. Валянтэры асобна не займаюцца беларускімі добраахвотнікамі, а дапамагаюць усім жаўнерам, сярод якіх ёсьць і беларусы. Я ж займаюся тым, каб украінскія ўлады цанілі тых, хто стаў на абарону краіны, і гарантавалі іхнае прыярытэтнае права пры жаданьні атрымаць украінскае грамадзянства. Але ёсьць і такія, і іх больш, якія хочуць захаваць беларускае грамадзянства і зьвяртаюцца па атрыманьне прыстанішча, бо баяцца рэпрэсіяў з боку ўлады Лукашэнкі. Мяне запэўніваў амбасадар Беларусі, што за ўдзел у вайне на ўсходзе на баку Ўкраіны нікога ня будуць перасьледаваць, але ў той жа час былі і іншыя заявы. Таму людзі кажуць, што крыху баяцца».