Лідэр украінскай партыі «Рух новых сілаў» Міхэіл Саакашвілі заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве, што перамяшчаецца на плошчу пад Вярхоўнай Радай у Кіеве да пратэстоўцаў і заклікае лідэраў апазыцыі далучыцца да яго.
Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс-Украіна».
Пасьля прэс-канфэрэнцыі ён пераехаў у намётавы гарадок ля будынку Вярхоўнай Рады. Ля намёту дзяжурыць ахова.
Акрамя таго, Саакашвілі заклікаў лідэраў апазыцыі, у прыватнасьці, мэра Львова, лідэра партыі «Самапомач» Андрэя Садовага і лідэра партыі «Грамадзянская пазыцыя» Анатоля Грыцэнку далучыцца да яго.
Украіна адмовіла Саакашвілі ў статусе ўцекача і ня бачыць перашкод для яго экстрадыцыі ў Грузію
17 кастрычніка ля Вярхоўнай рады стартавала акцыя «Усеўкраінскі збор» за «вялікую палітычную рэформу». Удзельнікі патрабуюць прыняць законы аб абмежаваньні дэпутацкай недатыкальнасьці, стварэньне антыкарупцыйнага суду і аб галасаваньні па адкрытых сьпісах.
20 кастрычніка праваахоўнікі праводзілі перамовы з актывістамі пра перанос намётаў з праезнай часткі вуліцы Грушэўскага ў Марыінскі парк.
21 кастрычніка ўдзельнікі акцыі пад Вярхоўнай Радай арганізавалі там вайсковы лягер і заявілі аб ультыматуме прэзыдэнту Пятру Парашэнку з патрабаваньнем унесьці ў парлямэнт законы аб антыкарупцыйным судзе і пра імпічмэнт.
22 кастрычніка на плошчы Канстытуцыі ля Вярхоўнай Рады адбылося веча з удзелам Саакашвілі і іншых актывістаў.