Беларусы сталі радзей купляць побытавую тэхніку, але затое часьцей набываюць аўтамабілі, адзеньне і абутак, побытавую хімію і будаўнічыя матэрыялы. Пра гэта сьведчаць зьвесткі Белстату аб продажы асобных тавараў арганізацыямі гандлю за 9 месяцаў бягучага году.
Беларусы ўкладваюць грошы ў аўтамабілі
За 9 месяцаў гэтага году беларусы набылі 18 352 аўтамабілі, што на 50% больш, чым за аналягічны пэрыяд летась.
Менш побытавай тэхнікі
Затое менш сталі набываць побытавай тэхнікі: тэлевізараў у 2017 годзе набылі на 15,9% менш, лядоўняў з маразільнікамі — менш на 13,5%, пральных і сушыльных машынаў — менш на 4%.
Больш выдаткаў на адзеньне і абутак, побытавую хімію і рамонт
Сёлета беларусы патрацілі больш грошай на адзеньне і абутак: выдаткі на вопратку (у тым ліку трыкатажную) узрасьлі на 8,6%, на споднюю бялізну — на 6,9%, на панчошна-шкарпэткавыя вырабы — на 12%, на абутак — на 8%.
Таксама больш набываюць побытавай хіміі (+ 10,8%), фармацэўтычных тавараў (5,4 %), парфумэрыі і касмэтыкі (+ 6,4%), будаўнічых матэрыялаў (+ 9,6%).
Мяса купляюць радзей, а субпрадукты — часьцей
Выдаткі на ежу таксама зьмяніліся. Так, у 2017 годзе беларусы сталі часьцей купляць сьвежую садавіну і арэхі (+ 8,9%), сьвежую гародніну і грыбы (+ 14,7%).
А вось мяса беларусы цяпер купляюць меней (агулам -3,6%). Так, продаж сьвініны ўпаў на 2,4%, ялавічыны — на 11,3%. Затое сталі часьцей купляць як харчовыя мясныя субпрадукты (+ 5,4%), так і мясныя прадукты (+ 1,3%).
Продаж рыбы ў цэлым вырас на 10,5%, але морапрадуктаў пры гэтым сталі купляць на 4,3% менш.
Таксама беларусы бяруць у крамах больш макароны (+ 2,1%), крупаў (+ 4%), яек (+ 4,1%), але менш цукру (-7,1%), масла (-3,9%) і дзіцячага харчаваньня (-7,4%).
Больш купляюць каньяку, менш — пладовага віна і сокаў
З алькаголю, паводле афіцыйнай статыстыкі, вырасьлі продажы каньяку (+ 11,6%), слабаалькагольных напояў (+3,6%), лікёру (+ 4,8%), піва (2%). Затое ўпалі продажы пладовага віна (-9,3%) і гарэлкі (-1%).
Пры гэтым найбольш папулярнымі па колькасьці спажываньня напоямі ў Беларусі застаюцца піва, гарэлка і пладовыя віны: за 9 месяцаў бягучага году беларусы спажылі 26 506,4 тысяч дэкалітраў піва, 6 424,4 тыс. дэк гарэлкі і 4 475,6 тыс. дэк пладовых він. У той час як, напрыклад, каньяку сёлета прададзена 292,7 тыс. дэкалітраў, то бок 90 разоў больш, чым піва, і ў 22 разы больш, чым гарэлкі.
А вось продажы пладовых і агароднінных сокаў упалі на 13,9%.