Злосны троль беларускіх футбольных заўзятараў, расейскі камэнтатар Васілій Уткін азваўся зьедлівым пастом:
«Ну і? Беларусы, ці прывольна вам дыхаецца ў сьпіну Люксэмбургу? Ці цёпла заняць днішчанскае месца ў адборы, пад зямлёй, дзе самае месца бульбе?» Пост, між тым, сабраў процьму камэнтароў. Пераважна таксама злых, зьедлівых і крыўдлівых.
Гэта ня першы закід Уткіна, што да беларускага футболу і ягоных заўзятараў, і кожнага разу Васілій, з чыннай дапамогай беларускіх журналістаў, зьбірае сваю немалую порцыю асабістае рэклямы, а беларускі бок — порцыю сваёй крыўды.
То БАТЭ зачэпіць, то трэнэра маскоўскага ЦСКА беларуса Ганчарэнку, то ўвогуле ўсіх беларусаў разам, а заадно й казахаў.
Уткін досыць вядомая й эпатажная асоба ў Расеі, і тэмы ягонага тролінгу не заўжды спорт, але праз спорт, напрыклад — мова, а гэта, пагадзіцеся, зусім іншы паварот. Пры чым, не абмяжоўваючы сябе выключна Беларусьсю, ён за адно чапляе і ўкраінцаў.
Карацей, нападае, як кажуць, шырока й сыстэмна. А калі сыстэмна, значыць гэта праца, за такую працу ў Маскве плацяць грошы. Улічваючы інфармацыйную палітыку, якую вядзе Крэмль, і дзе знайшоў сваю нішу камэнтатар Уткін, грошы немалыя. Такі сабе «русскомирец» ад спорту.
А цяпер — пра тых беларускіх журналістаў і рэдактараў, якія нясуць кожную правакацыю Васілія на старонкі сваіх выданьняў, а пасьля пачынаюць крыўдаваць і абурацца.
Мяняюцца часы й кантэксты, але Купалаўскае «А хто там ідзе», актуальнае да гэтае пары. Беларусы звыкла нясуць сваю крыўду ў сьвет, цяпер ужо з дапамогай СМІ, інтэрнэту, сацыяльных сетак.
Грамадзтву й чытачам гэта цікава, — адказвалі мне ня раз і ня два, рэдактары й журналісты на пытаньне: навошта друкаваць гэткі шлак?
Ня ведаю, як наконт грамадзтва, але ў часткі беларускіх СМІ крыўда ўелася ў жыцьцё й характар. Нават калі няма на каго крыўдаваць, яны ўсё адно будуць шукаць свайго Васілія Уткіна, каб адкапаць, выцягнуць з-пад друзу, абтрэсьці, падняць і ўрачыста несьці сваю крыўду, зьбіраючы лайкі такіх самых пакрыўджаных чытачоў і змушаючы сябе і іх корпацца ў чужым інфармацыйным полі заміж таго, каб араць сваё.
Можа быць, камэнтатар Уткін у чымсьці мае рацыю, называючы беларусаў «кончанымі правінцыяламі», бо які-небудзь славенскі ці бэльгійскі рэдактар папросту адвярнуўся б сьпінай, пачуўшы падобныя выказваньні, і далей займаўся сваёй справай, але не цягнуў тую фразу ў загалоўкі, каб пасьля напінацца і напінаць іншых ад крыўды.
Да чаго вядзе такі правінцыйны журналізм? Да паразы беларускае мэдыйнае прасторы перад наступам расейскае прапаганды. Як трапна заўважыў колішні галоўны прапагандыст Лукашэнкі Аляксандар Зімоўскі, «беларускія мэдыя ня здатныя фармаваць грамадзкую думку, якая б адрозьнівалася ад расейскай».
Ёсьць шмат сапраўдных і важных сваіх тэм, каб ня шнырыць у пошуку правакацый розных троляў, у іншым выпадку хутка яны будуць цытаваць той самы клясычны верш Купалы, хіхікаючы пра сябе вантробнымі голасамі:
— А што, беларусы ўсё яшчэ нясуць сваю крыўду? А яны дагэтуль у лапцях? А плечы іх худыя і рукі ў крыві? І што, дагэтуль хочуць людзьмі звацца? Ну то хай хочуць. Хацець ня шкодна.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.