Ці ведаюць беларусы пра дзедаўшчыну ў войску? Ці трэба адпраўляць у адстаўку міністра абароны? Як пачынаюцца Майданы?
Пра гэта – у перадачы, якую вядзе Ганна Соўсь. У перадачы ўдзельнічаюць Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў і вядучы перадачы на тэлеканале «Настоящее время» Цімур Алеўскі.
Прапануем вам фрагмэнт дыскусіі:
Ганна Соўсь: Жахлівыя выпадкі «дзедаўшчыны» адбываліся і адбываюцца і ў расейскім войску. Ці была на іх такая ж шырокая грамадзкая рэакцыя, як цяпер у Беларусі? Ці прыводзілі яны да сур’ёзных зьменаў?
Цімур Алеўскі: У Расеі аднойчы была такая бурная рэакцыя, калі загінуў салдат. Гэта ня толькі ўсе абмяркоўвалі, падхапілі ўсе СМІ, гэта прывяло да структурных зьменаў у краіне, у тым ліку на вышэйшым палітычным узроўні. Гэта справа Андрэя Сычова, справа салдата, які стаў інвалідам у выніку «дзедаўшчыны» ў 2006 годзе. Гэта было да выбараў Мядзьведзева. Тады быў міністрам абароны Расеі Сяргей Іваноў, будучы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта, а ў той час чалавек, якога меркавалі магчымым пераемнікам Уладзімера Пуціна. Больш за тое, Сяргей Іваноў быў чалавекам, які прыйшоў у войска рабіць рэформы. У Расеі рэформы асацыююць найперш з Сердзюковым, ён іх правёў практычна да канца, але пачынаў іх Іваноў. І гэтая гісторыя пагубіла яго кар’еру, у выніку ён страціў пасаду міністра абароны і ня стаў пераемнікам Пуціна, а мог бы. І Расея магла бы разьвівацца па-іншаму, бо ён значна больш моцны за Мядзьведзева, і ня факт, што Пуціну бы з Івановым атрымалася бы памяняцца месцамі назад.
Гэта спэцыфічная гісторыя, але яна прывяла да структурных рэформаў. Кожны афіцэр, канечне, нешта можа зрабіць, але спадзявацца на тое, што кожны афіцэр захоча, нельга, гэта можна рабіць толькі структурна. Іншае пытаньне, што можна зрабіць?
Гэта спэцыфічная гісторыя, але яна прывяла да структурных рэформаў.
Мы перажываем у сьвеце сытуацыю, калі перастала быць сорамна ўставаць на месца ахвяры і разумець, што яна адчувае. Людзі, якія дапусьцілі забойства салдата ў Беларусі, і нават бацькі тых людзей, якія яго забілі ці датычныя да забойства, яны таксама будуць вядомыя. Гэта канкрэтныя сем’і. Беларусь — невялікая краіна, не Расея, ня трэба ехаць ва Ўладзівасток з Масквы, зьбіраючы паўгода грошы, каб забраць цела свайго сына, ці каб даведацца, што зь ім здарылася ў частцы. Гэта адбываецца тут і цяпер.
Дзяржава забрала чалавека. Армія павінна была за ім сачыць, павінна была вярнуць яго жывым і не вярнула. Насамрэч гэтая гісторыя вельмі рыфмуецца з з тымі людзьмі, якіх зьбіваў АМОН на вуліцах у Беларусі. Толькі там дзяржава не павінна была абараняць людзей, а тут павінна была. Чаму гэта важна? Таму што калі мы з вамі ўсе, журналісты ў Беларусі, зьвернемся да сваякоў злачынцаў і запытаемся, як вы перажываеце, што вы думаеце пра тое, што зраілі вашыя родныя, то наступным крокам будзе пытаньне да тых амонаўцаў, якія б’юць людзей на вуліцах, як вы ставіцеся да таго, што вашы сыны, браты кагосьці ўдарылі. Гэта мяняе краіну. І гэта трэба рабіць так. З гэтымі людзьмі трэба гаварыць. Можна размаўляць. Гэтая гісторыя паказвае, што людзі хочуць задаваць дзяржаўнай машыне пытаньні не на ўзроўні міністра абароны, які насамрэч нічога ня можа зрабіць з гэтай часткай, а непасрэдна людзям, якія за гэтага салдата адказвалі і адказваюць цяпер за іншых салдат.