Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз крытыкуе сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Праваабаронцы зьбіраюцца на форум у Вільні


Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму азмрочаная сыстэматычнымі парушэньнямі. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Эўразьвязу аб дэмакратыі і правах чалавека ў сьвеце за 2016 год.

У дакумэнце адзначаецца, што ў мінулым годзе ў краіне не было істотных паляпшэньняў у сфэры правоў чалавека. Аднак упершыню ўрад ухваліў Нацыянальны плян па правах чалавека, які накіраваны на выкананьне рэкамэндацый, прынятых Беларусьсю ў рамках унівэрсальнага пэрыядычнага агляду.

«Абмежавальныя законы, якія закранаюць асноўныя свабоды, не былі зьмененыя, сьмяротнае пакараньне па-ранейшаму прымяняецца. Незалежны нацыянальны інстытут па правах чалавека створаны ня быў», — цытуе БелаПАН даклад.

Адзначаецца, што свабода асацыяцый і свабода выказваньня думкі ў Беларусі строга абмежаваныя. ЭЗ і Міжнародная арганізацыя працы заклікалі беларускі ўрад унесьці зьмены ў законы, каб пазьбегнуць сытуацый, якія могуць прывесьці да прымусовай працы.

«Выбарчы працэс зазнае жорсткую крытыку з боку АБСЭ і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека з прычыны адсутнасьці празрыстасьці і выкарыстаньня дзяржаўных мэханізмаў для падтрымкі дзейнага прэзыдэнта. Апазыцыйныя палітычныя партыі сутыкаюцца з адміністрацыйнымі перашкодамі ў пытаньні рэгістрацыі, а дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі зьяўляецца крымінальным злачынствам», — гаворыцца ў дакладзе.

Нягледзячы на адсутнасьць канкрэтнага прагрэсу ў пытаньні палітычных правоў і асноўных свабод, беларускія ўлады праявілі ў 2016 годзе значную гатоўнасьць абмяркоўваць пытаньні правоў чалавека зь міжнароднымі партнэрамі і грамадзянскай супольнасьцю.

У дакумэнце таксама адзначаецца, што Беларусь не прызнае мандат спэцыяльнага дакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Чарговы праваабарончы форум зноў у Вільні

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», чацьвёрты праваабарончы форум адбудзецца ў Вільні 19–21 кастрычніка. У ім возьмуць удзел 140 прадстаўнікоў з 29 беларускіх праваабарончых арганізацый, асобныя праваабаронцы і экспэрты. Гасьцямі форуму стануць партнэры з замежных і міжнародных праваабарончых структур.

На форуме дадуць ацэнку сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і абмяркуюць праблемы праваабарончага руху.

Першы Беларускі праваабарончы форум адбыўся ў 2004 годзе пад Менскам, другі — у 2010 годзе ў Вільні, трэці — у 2013 годзе таксама ў Вільні.

У аргкамітэт Форуму ўваходзяць Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, РПГА «Беларускі Хэльсынкскі камітэт», Праваабарончы цэнтар «Вясна», ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», ГУ «Беларускі Дом правоў чалавека імя Б. Звоскава», ПУ «Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар», Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць», Асьветніцкая ўстанова «Цэнтар прававой трансфармацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG