«Вынікам кампаніі павінна стаць выкараненьне дзедаўшчыны ў войску ці хаця б упэўненыя крокі ў гэтым кірунку», — паведаміў Андрэй Стрыжак.
Ініцыятары інфармацыйнай кампаніі «Спыні бясчынства ў Арміі!» — гомельскія праваабаронца Леанід Судаленка і праваабаронца, грамадзкі актывіст Андрэй Стрыжак. У сваім звароце да грамадзкасьці яны заклікаюць падпісвацца за звальненьне ў адстаўку міністра абароны Беларусі генэрал-лейтэнанта Андрэя Раўкова.
Падстава, каб распачаць кампанію — сьмерць салдата ў вайсковай частцы ў барысаўскім раёне Печы.
Леанід Судаленка і Андрэй Стрыжак упэўненыя, што прычына сьмерці салдата Аляксандра Коржыча крыецца ў нестатутных адносінах («дзедаўшчыне»).
Які практычны вынік можа мець сыход міністра абароны з пасады?
Леанід Судаленка, адказваючы на пытаньне Свабоды, робіць акцэнт на тым, што ў грамадзтве павінна пачацца дыскусія пра беларускую армію і пра тое, што там робіцца:
«Адстаўка міністра абароны прымусіць задумацца чыноўнікаў, куды і навошта рушыць беларуская армія.
Мы разумеем, што Міністэрства абароны і наагул армія непадкантрольныя беларускаму грамадзтву.
Але гэтым выклікам мы спрабуем прыцягнуць увагу грамадзтва да таго, што творыцца ў салдацкіх казармах. Бацькі павінны ведаць, куды адпраўляюць дзяцей».
Андрэй Стрыжак у інтэрвію Свабодзе тлумачыць, што масавыя звароты могуць уплываць на стан рэчаў у Беларусі. У прыклад прыводзіць 50 000 подпісаў за адмену «дармаедзкага дэкрэту», да збору якіх спрычыніўся і ён сам разам з прафсаюзам РЭП. Андрэй Стрыжак перакананы, што на армію, як і ў выпадку з прыпыненьнем «дармаедзкага» дэкрэту, можна паўплываць:
«Вынікам кампаніі павінна стаць выкараненьне дзедаўшчыны ў войску, ці хаця б упэўненыя крокі ў гэтым кірунку.
Таму ў кампаніі самае важнае — масавасьць. Наша ўлада, якая жыве ва ўласным сьвеце, дзе ў яе свой погляд на законнасьць, рэагуе не на законы, а толькі на масавасьць. Зьбяром шмат подпісаў, падтрымаем рэзананс і хвалю абурэньня сьмерцю салдата, — будзе вынік».
За першыя гадзіны зварот падтрымалі больш як 1000 чалавек.