Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здымак «Гомельскай праўды» над сьметніцай суд прызнаў абразьлівым для рэпутацыі дзяржаўнай газэты


Сяргей Ляпін, архіўнае фота
Сяргей Ляпін, архіўнае фота

Здымак быў зьмешчаны сёлета ў траўні на сайце «Сильные новости» — у адказ на шэраг зьдзеклівых матэрыялаў у афіцыйнай газэце на адрас самога Сяргея Ляпіна, у тым ліку на артыкул Рамана Старавойтава «Ляпнул раз, ляпнул два... Всё неймётся», у якім «архітэктар Ляпін і сатаварышы» абвінавачваюцца ў хлусьні, правакацыях і нават «парушэньні нацыянальнай бясьпекі».

Сяргей Ляпін падаваў у суд Чыгуначнага раёну на «Гомельскую праўду» і яе аўтара за абразу гонару й годнасьці, але пазоў яго судзьдзя Дзьмітры Дзябой адхіліў.

У хуткім часе рэдакцыя газэты сама зьвярнулася ў эканамічны суд па абарону дзелавой рэпутацыі. Адказчыкамі напачатку быў ня толькі архітэктар Ляпін, але і сайт «Сильные новости». У ліпені ўладальнік сайта пайшоў на замірэньне з газэтай. Сяргей Ляпін адмовіўся падпісваць пагадненьне аб замірэньні і, такім чынам, застаўся адзіным адказчыкам.

Першы намесьнік рэдактара «Гомельскай праўды» Вячаслаў Мінкоў з адвакатам прасілі прызнаць абразьлівымі здымак у сукупнасьці са словамі Ляпіна «нядаўні артыкул выйшаў за межы прыстойнасьці» і «абвінавачаньні журналіста зьяўляюцца домысламі». Маўляў, такім чынам адказьнік падвяргае сумневу захаваньне выданьнем нормаў прафэсійнай этыкі журналістаў і маралі, прынцыпаў праўдзівасьці ды законнасьці інфармацыі. Апроч таго, як згадваў Мінкоў, здымак выклікаў хвалю нэгатыўных камэнтароў у сацыяльнай сетцы на адрас газэты, стварэньне дэматыватара і нэгатыўнага хэштэга, зьвязаных з выданьнем.

Прадстаўнік «Гомельскай праўды» прынёс нават у суд кампутар і флэшку з запісам відэасюжэту, створаным калектывам блогераў «Ротарная жатка», у якім тыя прапанавалі шэраг іншых варыянтаў выкарыстаньня газэты — нават у нечаканых месцах.

Адказчык Ляпін патлумачыў суду, што хоць суд Чыгуначнага раёну і адмовіўся задаволіць ягоны пазоў да газэты і аўтара, ён па-ранейшаму лічыць публікацыі «Гомельскай праўды» на свой адрас абразьлівымі. Аўтар Старавойтаў у пагардлівай форме неаднаразова выкарыстоўваў ягонае прозьвішча на старонках газэты. І ўсё таму, што, як мяркуе Ляпін, ён крытыкаваў у сваіх допісах праекты пашырэньня гарадзкіх вуліц са зьнішчэньнем зялёных насаджэньняў, а таксама дазвол гарадзкіх уладаў будаваць шматпавярховік на былых габрэйскіх могілках.

Відавочна, што афіцыйная газэта з дапамогай суду выпатрабоўвае для сябе права быць па-за крытыкай

«Я выкінуў газэту ў сьметніцу і такім чынам выказаў сваё стаўленьне да публікацыі ў газэце, якая западозрыла мяне нават у „парушэньні нацыянальнай бясьпекі“», — кажа Сяргей Ляпін.

Юрыст Леанід Судаленка, які па даверанасьці Беларускай асацыяцыі журналістаў прадстаўляў інтарэсы Ляпіна, мяркуе, што гэтага суду не павінна быць наагул:

«Калі кожны выраз, які не нясе абразы, будзе разглядацца ў судах, на ўсё іншае ў нашым жыцьці проста ня хопіць часу. Замест таго каб весьці дыялёг на старонках „Гомельскай праўды“, даць выказацца ў паўмільённым горадзе розным спэцыялістам, у тым ліку і па пытаньнях горадабудаўніцтва, газэта бʼе па галаве Ляпіна пазовам. Канстытуцыя гарантуе грамадзянам свабоду думкі. А што чуем у судзе, у тым ліку і ад адваката? Выказаў Ляпін сваю думку ў карэктнай форме, а ад яго патрабуюць: дакажы, што яна адпавядае рэчаіснасьці. Думка тым і каштоўная, што не патрабуе праверкі».

Судзьдзя Каражанец вырашыла, што фатаздымак над сьметніцай з выказваньнем Сяргея Ляпіна «нядаўні артыкул выйшаў за межы прыстойнасьці» і «абінавачаньні журналіста зьяўляюцца домысламі» прыніжае гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю «Гомельскай праўды». Ляпін мусіць сплаціць судовую пошліну і выдаткі газэты на адваката — агулам звыш 1800 рублёў.

Архітэктар Ляпін кажа, што такі фінал цалкам чаканы:

«Цяжка чакаць нечага іншага пры залежнасьці нашых судоў. Цяпер мы абмяркоўваем, ці падаваць апэляцыю на гэтае рашэньне. Відавочна, што афіцыйная газэта з дапамогай суду выпатрабоўвае для сябе права быць па-за крытыкай, замест таго каб спрыяць грамадзкаму абмеркаваньню надзённых гарадзкіх праблемаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG