У Эканамічным судзе Гомельскай вобласьці 11 ліпеня адбыўся папярэдні разгляд пазову афіцыйнай газэты «Гомельская праўда» да інтэрнэт-парталу «Сильные новости» і яго аўтара, урбаніста й архітэктара Сяргея Ляпіна.
Выданьне патрабуе зьняпраўдзіць здымак, на якім Сяргей Ляпін трымае «Гомельскую праўду» над сьметніцай, а таксама прызнаць неадпаведнымі рэчаіснасьці некаторыя выразы ў артыкуле Ляпіна пра тое, што газэта ў сваіх публікацыях «выйшла за межы прыстойнасьці».
Пазоўнік не пагаджаецца з публікацыяй «Крытыка рэканструкцый вуліц пагражае нацыянальнай бясьпецы?...» на сайце «Сильные новости» — у адказ на шэраг абвінаваўчых матэрыялаў у афіцыйнай газэце на адрас самога Сяргея Ляпіна, у тым ліку й артыкул Рамана Старавойтава «Ляпнул раз, ляпнул два... Всё неймётся», у якім «архітэктар Ляпін і сатаварышы» абвінавачваюцца ў хлусьні, правакацыях і нават «парушэньні нацыянальнай бясьпекі».
І хоць здымак і артыкул былі толькі рэакцыяй архітэктара Ляпіна на публікацыі «Гомельскай праўды», тым ня менш рэдакцыя лічыць, што «дэманстрацыя свайго нэгатыўнага стаўленьня да газэты ганьбіць яе гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю».
Зьніжэньне даходаў, дэматыватар і хэштэг
Першы намесьнік рэдактара Вячаслаў Мінкоў, які прадстаўляе ў судзе інтарэсы выданьня, адхіліў прапанову судзьдзі Алены Каражанец замірыцца. Ён нават падаў суду даведку пра тое, што публікацыя архітэктара Ляпіна на сайце «Сильные новости» адмоўна адбілася на колькасьці рэклямы ў «Гомельскай праўдзе» — у параўнаньні зь леташнімі паказьнікамі, а таксама заявіў пра нэгатыўныя камэнтары ў сацыяльнай сетцы на адрас газэты, стварэньне дэматыватара і нэгатыўнага хэштэга, зьвязаных з выданьнем.
Пра тэчку крыўдаў і «плынь сьвядомасьці»
Заснавальнік сайта «Сильные новости», дырэктар установы «Цэнтар рэгіянальнага разьвіцьця Гомельскі дэмакратычны форум» Пётар Кузьняцоў не прызнаў прэтэнзіяў заяўніка наконт таго, што зьмяншэньне даходаў ад рэклямы ды нэгатыўная рэакцыя сацыяльных сетак былі абумоўленыя артыкулам архітэктара.
«Тэчка крыўдаў заяўніка ня мае дачыненьня да разгляду пазову, — сказаў Кузьняцоў. — Любы чалавек, які працуе ў СМІ і мае справу з рэклямай, ведае, што рост альбо падзеньне даходаў ад рэклямы залежыць ад дынамікі наведваньня рэсурсу і трафіку, іншымі словамі, ад папулярнасьці выданьня. Мне вядома, што наведвальнасьць сайта „Гомельскай праўды“ ў апошнія паўгода падае. Друкаваная вэрсія газэты, якая распаўсюджваецца праз прымусовую падпіску, падаць, канечне, ня будзе. Адзін артыкул Ляпіна ня мог зрабіць такога ўплыву на падзеньне рэклямных даходаў. Ня выклікаў ён ні хэштэгаў, ні дэматыватараў, ні флэшмобаў. Усё пачалося пасьля таго, як „Гомельская праўда“ зьвярнулася ў Эканамічны суд. „Плынь сьвядомасьці“, якую мы тут бачым і чуем, — гэта спроба перакласьці на сайт і аўтара ўсе свае правалы, у тым ліку ў эканамічнай сфэры, якія адбіваюцца на рэклямных даходах, у інфармацыйнай і рэдакцыйнай палітыцы, якія ўплываюць на папулярнасьць выданьня. Можна тут гаварыць і наконт прававых падыходаў рэдакцыі, якія выявіліся ў падачы абсурднага пазову, бо ён супярэчыць фундамэнтальным правам чалавека — праву на свабоду думкі, на атрыманьне і свабодны распаўсюд інфармацыі».
Другі адказьнік у справе, архітэктар Ляпін, патлумачыў суду, што выразы, якія патрабуе зьняпраўдзіць «Гомельская праўда», узятыя ім з артыкула гэтай жа газэты пад назвай «Ляпнул раз, ляпнул два... Всё неймётся», а здымкам выданьня над сьметніцай ён выказаў сваё стаўленьне да публікацыі на свой адрас. Сяргей Ляпін сам падаваў пазоў на «Гомельскую праўду» і Рамана Старавойтава за абразу, але атрымаў у судзе Чыгуначнага раёну Гомеля адмову. Пастанова суду яшчэ не набыла юрыдычнай моцы.
Хадайнічаў архітэктар Ляпін і пра аднаўленьне доступу да свайго артыкула на сайце «Сильные новости», бо лічыць неправамоцным вызначэньне суду, якое абмежавала такі доступ, без разгляду пазову «Гомельскай праўды» па сутнасьці.
Выслухаўшы меркаваньні бакоў і заяўленыя хадайніцтвы, судзьдзя Алена Каражанец абвясьціла перапынак, каб прыняць вызначэньне наконт хадайніцтваў і прызначыць дату асноўнага разгляду пазову да «Сильных новостей» і архітэктара Сяргея Ляпіна.