Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна чакае ад Беларусі дапамогі ў расьсьледаваньні справы беларускага «шпіёна»


Сьледчыя ў справе беларускага «шпіёна», затрыманага летам у Чарнігаве праз падазрэньне ў зборы інфармацыі на карысьць Расеі, заяўляюць пра неабходнасьць правядзеньня міжнародных сьледчых дзеяньняў, якія дапамогуць сабраць дадатковыя доказы ягонай вінаватасьці.

Чарнігаўская абласная пракуратура падоўжыла тэрмін дасудовага расьсьледаваньня гэтай справы да 30 лістапада, а суд — трыманьне грамадзяніна Беларусі пад вартаю да 25 лістапада.

Як адзначаецца ў судовым рашэньні, цяпер беларускі «шпіён» будзе ўтрымлівацца ў сьледчым ізалятары Чарнігава. Адразу пасьля затрыманьня ён быў перавезены ў Кіеў, у сьледчы ізалятар Службы бясьпекі Ўкраіны.

Паводле судовага рашэньня, сьледзтва чакае вынікаў прызначаных судовых экспэртыз наконт наяўнасьці зьвестак, што складаюць дзяржаўную таямніцу, а таксама матэрыялы ад «кампэтэнтных органаў Беларусі», да якіх зьвярнуліся па міжнародную прававую дапамогу.

На гэты момант ані падазраваны, ані ягоны адвакат ня маюць магчымасьці азнаёміцца з усімі матэрыяламі гэтай справы. Яны будуць адкрытыя для іх толькі пасьля завяршэньня дасудовага расьсьледаваньня і выстаўленьня канкрэтных абвінавачаньняў у шпіёнстве.

Грамадзяніну Беларусі інкрымінуюць артыкул 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны пра шпіянаж. Гэтае злачынства кваліфікуецца як асабліва цяжкае, за якое прадугледжваецца безальтэрнатыўнае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў. У той жа час падазраваны можа быць вызвалены ад крымінальнай адказнасьці ў выпадку, калі добраахвотна паведаміць органам дзяржаўнай улады пра свае дзеяньні і такім чынам папярэдзіць нанясеньне шкоды інтарэсам Украіны. На паседжаньні суду грамадзянін Беларусі адмаўляў сваю датычнасьць да гэтага злачынства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG