Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматдзетная маці раздавала газэты, а цяпер баіцца выходзіць з дому. Міліцыя хоча яе дапытаць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Бабруйская міліцыя намагаецца дапытаць шматдзетную маці Галіну Лазараву, якая 7 кастрычніка раздавала газэты з матэрыяламі да ўсясьветнага Дня барацьбы за годную працу.

Жанчына адмаўляецца ісьці ў міліцыю бяз позвы. Праваахоўнікі ж, паводле яе, настойваюць, што яна павінна да іх зьявіцца. У чым яе віна, ня кажуць.

Галіна гаворыць, што затрымаць з газэтамі яе спрабавалі два міліцыянты яшчэ 7 кастрычніка. Заявілі, што яна падазроная асоба і для разбору яе неабходна суправадзіць у аддзяленьне. Наяўнасьць пашпарту намер міліцыянтаў не зьмяніла.

«Міліцыянты мне казалі, што „завісла“ база зьвестак, таму праз тэлефон высьветліць маю асобу яны ня могуць. Страшылі тым, што выкарыстаюць сілу, калі я не пайду добраахвотна. Я пайшла. Абараніў мяне ад міліцыянтаў праваабаронца Алег Жалноў, які настаяў, каб міліцыянты высьветлілі, хто я на месцы. Пасьля чаго яны некуды пазванілі і, сказаўшы, што я ня ў вышуку, адпусьцілі», — пераказала суботні інцыдэнт Галіна Лазарава.

9 кастрычніка блізу 22 гадзінаў, паводле Галіны, да яе прыходзілі два міліцыянты. Дзьверы ім яна пабаялася адчыняць. Званілі, кажа яна, настойліва і спалохалі дзяцей. У Галіны іх чацьвёра.

Сёньня жанчыну праз тэлефон паспрабаваў выклікаць у міліцыю маёр Сяргей Рудзько.

«Я сказала, што гатовая прайсьці, але няхай мне прышлюць позву на іншы дзень, бо ў мяне захварэла дзіця, якому год і тры месяцы, і я выклікала лекара на дом, — адзначае Галіна. — На гэта мне міліцыянт адрэагаваў, што прыедзе да мяне сам. Цяпер сяджу дома, нэрвуюся і чакаю лекара. Мяркую, міліцыя зьявіцца пасьля 16 гадзінаў. Баюся выходзіць на вуліцу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG