Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна афіцыйна дазволіла прадаваць украінцаў на органы». Фэйк-агляд тыдня


У штотыднёвым Фэйк-аглядзе тыдня мы сабралі фэйкі, якімі жыла прапаганда на гэтым тыдні. Магчыма вы таксама ў гэта верылі.

Бургер-Пуцін

Некалькі расейскіх дзяржаўных СМІ, у тым ліку тэлеканалы «Россия-24» і RT, апублікавалі сюжэты пра тое, што нібыта ў адным зь нью-ёрскіх рэстаранаў у гонар дня нараджэньня Ўладзіміра Пуціна падаюць спэцыяльны бургер.

Ён нібыта важыў 1952 грамы (год нараджэньня Пуціна).

«Традыцыі ўжо тры гады, бо мы лічым Пуціна выбітнай палітычнай пэрсонай», — кажа галоўная бармэнка рэстарану Дар’я Павутава на камэру.

Агенцтва ТАСС цытуе аднаго з мэнэджараў рэстарану Тэда Браена, які нібыта заявіў, што Пуцін — «адзіны дзяржаўны лідэр, дзень нараджэньня якога адзначаюць ва ўстанове, падаючы асаблівую страву».

Аднак, як высьветлілі брытанская газэта Guardian і расейскі праект «Лапшеснималочная», сюжэт цалкам сфабрыкаваны.

Мэнэджар сеткі рэстаранаў, якой належыць нью-ёрская ўстанова, напісаў у электронным лісьце, што чалавек на імя Тэд Браен ніколі не працаваў у іхным рэстаране.

Сам рэстаран «ніколі і ні ў якой форме» не сьвяткаваў дзень нараджэньня Пуціна і не падаваў «бургэр Пуціна». Дар’я працуе ў рэстаране, але пасьля таго, што здарылася, яе адхілілі ад працы. Зараз установа праводзіць расьсьледаваньне і плянуе залучыць адвакатаў, каб «разабрацца ў гэтым бардаку».

У іншым лісьце гаворыцца, што дзьве супрацоўніцы падманулі мэнэджара, што здымаюць відэапраект для сваёй вучобы. Кіраўнік аддзелу камунікацыяў тэлеканалу RT Анна Белкіна адказала газэце Guardian, што ня мае прычынаў «сумнявацца ў сапраўднасьці гэтай гісторыі». Яна таксама спаслалася на цытату так званага мэнэджара Тэда Браена ў пацьверджанне праўдзівасьці сюжэту.

Украіна афіцыйна дазволіла прадаваць украінцаў на органы?

​Міністэрства аховы здароўя Украіны ў 2018 годзе плянуе ўкараніць пілётны праект трансплянтацыі ныркі ад няроднаснага донара. У расейскіх СМІ, маніпулюючы фактамі, паведамляюць, што гэтая ініцыятыва Міністэрства аховы здароўя «ператворыць Украіну ў пастаўніка органаў ад нябожчыкаў».

«Московский комсомолец» спасылаецца на экс-рэгіянала Ўладзіміра Алейніка, які ўжо трэці год жыве ў Маскве і ня ёсьць экспэртам у пытаньнях мэдыцыны.

Намесьнік міністра аховы здароўя Ўкраіны Аляксандар Лінчэўскі патлумачыў, што паведамленьне расейскай прэсы — гэта міт. Кожны дзеяздольны чалавек мае права даць пісьмовую згоду або нязгоду на тое, каб пасьля сьмерці стаць донарам анатамічных матэрыялаў. Калі ў базе дадзеных няма прыжыцьцёвай пісьмовай згоды/нязгоды донара і ягоны сваякі згоды таксама не давалі, браць анатамічныя матэрыялы ў памерлага для трансплянтацыі забаронена. Больш за тое, законапраект прадугледжвае і ўзмацненьне жорсткай крымінальнай адказнасьці за парушэньне парадку трансплянтацыі органаў.

Камэдыяй па скрэпах. Як маніпулююць у Расеі

Камэдыйны фільм Арманда Янучы «Сьмерць Сталіна» ў Расеі назвалі «сплянаванай правакацыяй» і часткаю плянаў Захаду дэстабілізаваць Расею. Стужка распавядае пра першыя дні пасьля сьмерці Ёсіфа Сталіна.

Старшыня грамадзкай рады пры Міністэрстве культуры Расеі Павел Пажэгайла назваў фільм «сплянаванай правакацыяй». А прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў падкрэсьліў, што Міністэрства культуры «надзвычай адказна падыходзіць» да выдачы пракатных пасьведчаньняў, у тым ліку для гэтага фільму.

Фільм раззлаваў расейскіх камуністаў. Кіраўнік прэс-службы КПРФ Аляксандар Юшчанка назваў фільм «брыдотай» і спробай «справакаваць пэўнае незадавальненьне».

Фільм «Сьмерць Сталіна» выходзіць у час, калі папулярнасьць савецкага дыктатара ў Расеі на ўздыме. У чэрвені Сталін узначаліў сьпіс самых выбітных людзей у сусьветнай гісторыі, паводле апытаньня Левада-Цэнтру.

Ці ведалі вы, што...

​Сацыяльныя сеткі ў Нямеччыне цяпер будуць вымушаныя плаціць штраф да 50 мільёнаў эўраў, калі ня выдаляць фэйкавыя навіны ці допісы з матэрыяламі, што распальваюць нянавісьць, на працягу 24 гадзін пасьля публікацыі.

Закон уступіў у сілу 1 кастрычніка. У цэнтры яго ўвагі будуць Facebook, Twitter, YouTube ды іншыя сайты, якія налічваюць больш за два мільёны карыстальнікаў у Нямеччыне.

Штрафы выпісваюць толькі на тэрыторыі Нямеччыны, але міністар юстыцыі краіны Гайка Маас, рухавік закону, заявіў, што будзе лябіяваць аналягічныя захады ўва ўсім Эўрапейскім Зьвязе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG