Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля запуску АЭС абяцаюць зьменшыць тарыфы. Манёнак: «А хто будзе расплачвацца за крэдыты?»


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Ва ўрадзе паабяцалі, што пасьля запуску АЭС тарыфы на электраэнэргію зьнізяцца.

Паводле начальніка ўпраўленьня энэргаэфэктыўнасьці, экалёгіі і навукі Міністэрства энэргетыкі Сяргея Грэбеня, з уводам АЭС сабекошт электраэнэргіі будзе ніжэйшы і тарыфы на электраэнэргію для беларускіх спажыўцоў зьнізяцца.

«Цяпер прапрацоўваецца, у якім памеры будзе зьніжэньне», — сказаў 5 кастрычніка журналістам Сяргей Грэбень.

Таксама Міністэрства энэргетыкі зьбіраецца стымуляваць спажываньне электраэнэргіі ў вялікіх аб’ёмах. Апроч электратранспарту, прапрацоўваюцца «ўсе напрамкі для максымальнага выкарыстаньня электраэнэргіі».

Экспэрт: «Я думаю, што гэта ня вельмі лягічна»

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

Эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак сказала карэспандэнту Свабоды, што на прэсавай канфэрэнцыі яна якраз задавала пытаньне пра гэта.

«Я думаю, што гэта ня вельмі лягічна, улічваючы тое, што Беларуская АЭС будуецца найперш за расейскі крэдыт. Адкрыта крэдытная лінія да 10 мільярдаў даляраў.

Раней беларускі бок казаў, што трэба паскорыць тэмпы будаўніцтва, каб пабудаваць таньней. Бо час — гэта таксама грошы. А што да крэдытаў, то сёньня тарыфная палітыка будуецца зыходзячы з таго, што інвэстыцыйны складнік ужо неяк улічваецца ў тарыфах на электраэнэргію.

На маё пытаньне чыноўнік сёньня сказаў, што беларускі бок пралічвае магчымасьць зьніжэньня тарыфаў для спажыўцоў. Бо сабекошт выпрацоўваньня атамнай электраэнэргіі будзе меншы, чым сёньня на прыродным газе. Ён казаў, што таксама ўдасца зьнізіць тарыфы на цеплавую энэргію, бо яна будзе выпрацоўвацца з выкарыстаньнем электраэнэргіі, якая ўжо будзе таньнейшая. Ну, гэта лёгіка Міністэрства энэргетыкі».

Прыкладна паўгода таму віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка таксама казаў, што пасьля збудаваньня АЭС тарыфы для прамысловасьці зьнізяцца на 30%.

Эфэкт ад будаўніцтва АЭС для мяне вельмі сумнеўны

Тацяна Манёнак: «Сёньня Сяргей Грэбень казаў, што дзякуючы будаўніцтву АЭС і іншым мерапрыемствам тарыфы на электраэнэргію зблізяцца да 2020 году з расейскімі. Я думаю, што беларускі бок ставіць гэтую задачу. Бо гэта адзін з найважнейшых складнікаў канкурэнтаздольнасьці беларускіх прадпрыемстваў.

Тым ня менш трэба нагадаць, што на бліжэйшыя гады Расея ўстанавіла фіксаваныя кошты на прыродны газ, і яны ніжэйшыя на 20–25 даляраў за тысячу кубоў, чым сёньня Беларусь імпартуе.

Усё ж такі эфэкт ад будаўніцтва АЭС для мяне вельмі сумнеўны. Бо вельмі вялікі крэдытны складнік будзе ў гэтым тарыфе. На каго гэтыя крэдыты лягуць? Тут вялікае пытаньне.

Але ж беларускія ўлады павінны мець нейкі козыр, сказаць, што мы пабудавалі АЭС і дзякуючы гэтаму зьменшыліся тарыфы. Тады пытаньне, і яно павісае ў паветры: а хто будзе расплачвацца за ўзятыя расейскія крэдыты?

І яшчэ пытаньне — чыёй жа будзе ўласнасьцю атамная станцыя? Каму яна будзе належаць, калі Беларусь ня зможа аплачваць тыя крэдыты, узятыя на будаўніцтва АЭС?

Таму пытаньні застаюцца. Але даволі настойліва прадстаўнік Мінэнэрга казаў, што тарыфы будуць зьніжаныя, і цяпер пралічваецца менавіта, на колькі. Але пытаньне застаецца адкрытым».

Расейскі рынак таксама прафіцытны

— Магчыма, улады ўлічваюць той фактар, што суседнія краіны ўжо адмаўляюцца купляць электраэнэргію зь Беларускай АЭС і яна будзе скіраваная на ўнутраны рынак?

— Ужо прадугледжана, што АЭС будзе працаваць толькі на 80% сваёй магутнасьці. А беларускі ўрад распрацоўвае пакет захадаў, як зьвязаць гэты прафіцыт электраэнэргіі. Гэта разьвіцьцё электратранспарту, перавод газавых кацельняў на энэргетычныя і гэтак далей. Але ж пытаньне застаецца.

Нейкія магчымасьці могуць зьявіцца, калі будзе пабудаваны адзіны электраэнэргетычны рынак у межах Эўразійскай эканамічнай прасторы. Такі рынак павінен быць з 1 ліпеня 2019 году. Тэарэтычна гэта дае магчымасьць для паставак электраэнэргіі ў Казахстан ці Расею. Хоць расейскі рынак таксама прафіцытны.

Таксама беларускі бок усё яшчэ разглядае магчымасьць экспарту электраэнэргіі ў эўрапейскія краіны.

Звычайна страты перакладаюцца на спажыўца

— Але ў любым выпадку пытаньне застаецца: хто будзе разьлічвацца за крэдыт?

— Канечне. І гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне. Неяк будуць імкнуцца падштурхнуць тут разьвіцьцё электратранспарту, але наўрад ці хутка гэта адбудзецца ў Беларусі. Бо пакуль няма падстаў, каб ён імкліва разьвіваўся.

Тым ня менш патрэбныя пэўныя інвэстыцыі, каб інтэграваць Беларускую АЭС у беларускую энэргасыстэму. І каб перавесьці тыя ж кацельні на электраэнэргію, таксама патрэбныя інвэстыцыі каля двухсот мільёнаў даляраў. Зноў пытаньне — а на каго перавесьці гэтыя страты? Звычайна гэтыя страты перакладаюцца на спажыўца. А калі Беларусь мяркуе зьнізіць тарыфы, то якім чынам яна будзе расплачвацца за крэдыты? Зь бюджэту? Таксама вялікае пытаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG