Заяву міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса цытуе агенцтва «Інтэрфакс».
«Яны ўжо шэсьць гадоў абяцаюць правесьці гэтыя стрэс-тэсты, і гэтае абяцаньне ўсё яшчэ ў сіле. А перад пасяджэньнем камітэтаў Канвэнцыі ЭСПА даюцца ўсё новыя абяцаньні, таму трэба асьцярожна ставіцца да гэтага. Вядома, мы патрабуем гэта зрабіць згодна з мэтадалёгіяй Эўразьвязу. Паглядзім, ці будзе гэта выканана, аднак, хачу падкрэсьліць, што гэта не адзіная просьба ці патрабаваньне», — заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус агенцтву BNS у сераду.
Ён адзначыў, што Літва працягвае крытыкаваць выбар пляцоўкі для будаўніцтва, кансультацыі і ўзгадненьне з суседзямі. Міністар нагадаў, што станцыя будуецца за 50 км ад Вільні, без уліку шчыльнасьці насельніцтва.
Намесьнік міністра энэргетыкі Літвы Сымонас Шатунас, у сваю чаргу, пацьвердзіў BNS, што стрэс-тэсты не вырашаюць істотныя праблемы бясьпекі станцыі.
«Мы адзначаем, што гэта ня вырашыць істотнай праблемы — месца будаўніцтва БелАЭС і выбару пляцоўкі, паколькі яны выбраны неналежным чынам, у парушэньне міжнародных патрабаваньняў», — сказаў С.Шатунас.
Раней Мінэнерга Беларусі паведаміла, што ў кастрычніку ў Эўракамісію будзе прадстаўлены нацыянальны даклад з вынікамі стрэс-тэстаў, праведзеных на БелАЭС.
Беларуская АЭС ўзводзіцца ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласьці паводле расейскага праекту «ВВЭР-1200». Яна будзе складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны. Пуск першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год. Генэральным падрадчыкам будаўніцтва АЭС зьяўляецца «Атамбудэкспарт» (структура «Расатаму»).
Літва зьяўляецца асноўным крытыкам БелАЭС — яна мае намер блякаваць імпарт вырабленай станцыяй электраэнэргіі, а таксама ўскладніць праект будаўніцтва.
Паводле апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага кампаніяй рынкавых і сацыялягічных дасьледаваньняў RAIT, 65% жыхароў Літвы лічаць, што БелАЭС ўяўляе пагрозу бясьпецы краіны.