Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэгулярна выдавалі мэдалі за Данбас». Што вядома пра расейцаў, якіх паказалі як палонных «Ісламскай дзяржавы»


Масква праверыць інфармацыю аб меркаваным захопе ў палон двух расейскіх вайскоўцаў баявікамі тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава», сказаў журналістам прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.

«Інфармацыя па ўсіх магчымых крыніцах будзе правярацца на прадмет пацьвярджэньня таго, што гэтыя людзі зьяўляюцца грамадзянамі нашай краіны», — сказаў ён.

Заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў лічыць, што захопленыя ў палон «расейскія жаўнеры» могуць быць наймітамі.

«Настоящее время» распавядае, што вядома аб захопленых у палон.

Як стала вядома пра захоп?

Напярэдадні падкантрольнае тэрарыстычнай групоўцы «ІГ» агенцтва «Амак» апублікавала відэа, на якім зьнятыя нібыта захопленыя «расейскія грамадзяне». Адзін з іх прадстаўляецца як Раман Забалотны. Другога мужчыну ён прадставіў як Грыгорый Сурканаў (Цуркану).

Што вядома пра двух расейцаў, якіх паказалі як палонных «Ісламскай дзяржавы»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:20 0:00

Хто такі Забалотны?

Раман Забалотны, па паведамленьнях СМІ, — ураджэнец Растоўскай вобласьці, 1979 году нараджэньня. Актывісты незалежнай групы дасьледчыкаў Conflict Intelligence Team (CIT) выявілі ў інтэрнэце фатаграфіі Рамана Забалотнага ў вайсковай форме і з шэўронам казацкага «Ўсевялікага войска Данскога».

Гэтая арганізацыя таксама пацьвердзіла «Інтэрфаксу», што чалавек на відэа — іх калега.

Суразмоўца агенцтва адзначыў, што Забалотны быў узорным казаком і працаваў вахтавым мэтадам па Расеі. Але апошнім часам сувязь зь ім зьнікла. Пра намер ехаць у Сырыю нікому з таварышаў па службе ён не казаў.

Паводле інфармацыі блогера Анатоля Несьміяна, Забалотны ваяваў у Данбасе на баку прарасейскіх сэпаратыстаў так званай «ЛНР».

Хто такі Георгій Цуркану (Сурканаў)?

У інтэрвію Радыё Свабода брат другога меркаванага палоннага расейца Раман Цуркану распавёў, што Грыгорый сапраўды знаходзіўся ў Сырыі і ваяваў там у якасьці найміта ў складзе «ЧВК Вагнэра», зь якой супрацоўнічае з 2012 году.

«Так, гэта мой брат. Я не адхрышчваюся. На забой пасылаюць, завабліваюць грашыма, а потым адмаўляюцца ад іх, таму што кантрактнікі так ваяваць ня могуць. Яны спэцы. Дзяржава ўтрымлівае прыватную армію, ЧВК Вагнэр. Гэта яны».

Па словах брата, Цуркану двойчы накіроўваўся ў Данбас, дзе таксама ваяваў на баку прарасейскіх сэпаратыстаў так званай «ЛНР».

«Я ведаю, што ён кудысьці езьдзіў, яму рэгулярна мэдалі выдавалі за баявыя дзеяньні ў Данбасе», — распавёў брат.

Свайму брату Цуркану распавядаў пра тысячы загінулых на Данбасе, а яшчэ адзін яго знаёмы, які ваяваў у Сырыі ў складзе «ЧВК Вагнэра», распавёў аб падрыве «роты» з «каля 60» расейцамі на мінным полі летась.

У той жа час бацькі Цуркану распавялі Радыё Свабода, што ім «патэлефанавалі невядомыя», запэўнілі, што іх сына вызваляць, і сказалі «не падымаць шум». Пазьней яны сказалі, што званок быў «з ФСБ».

Мужчыну таксама апазналі ва ўсерасійскай арганізацыі вэтэранаў «Баявое брацтва» як жыхара Маскоўскай вобласьці Грыгорыя Цуркану, які ўжо ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях у Сырыі.

Арганізацыя накіравала ў «Інтэрфакс» зварот, у якім паабяцала падтрымку яго сямʼі і зрабіць «усё, што ў іх сілах, каб дапамагчы» нібыта палонным расейцам.

Акрамя таго, і Забалотны, і Цуркану знаходзяцца ў базе дадзеных украінскага партала «Міратворац».

Пазыцыя Расеі

У Мінабароны Расеі абверглі інфармацыю аб палонных расейскіх вайскоўцах у Сырыі. А прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што заявы аб апазнаньні мужчын як расейцаў не заслугоўваюць даверу і прапанавалі арыентавацца на інфармацыю Міністэрства абароны Расеі.

Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што ведамства спрабуе ўстанавіць асобу гэтых мужчын.

«На дадзены момант МЗС сумесна зь іншымі ведамствамі і замежнымі калегамі ў рэгіёне вядзе працу па ўстанаўленьні іх грамадзянства і магчымага месцазнаходжаньня, высьвятляюцца прычыны знаходжаньня гэтых людзей на тэрыторыі Сырыі і абставіны выкраданьня. Праца ўскладнена тым, што да цяперашняга моманту не заяўлялася якіх-небудзь патрабаваньняў для вызваленьня закладнікаў ».

Усяго за два гады ваеннай кампаніі ў Сырыі Міністэрства абароны пацьвердзіла сьмерць 34 чалавек, 10 зь іх — у 2017 годзе.

Толькі ў 2017 годзе неафіцыйныя страты Расеі ў Сырыі ў чатыры разы перавышаюць афіцыйныя дадзеныя Мінабароны. Паводле інфармацыі Reuters, з пачатку года ў Сырыі загінулі 40 расейцаў: 17 вайскоўцаў і 21 баец прыватных ваенных кампаній, асобы дваіх пакуль устанавіць не ўдалося.

Што вядома пра «ЧВК Вагнэра»?

Лічыцца, што так званая «Прыватная ваенная кампанія Вагнэра» зьявілася ў 2014 годзе на аснове ЧВК «Славянскі корпус» у Сырыі, яе камандзіраў пазьней асудзілі за найміцтва.

«ЧВК Вагнэра» атрымала назву паводле пазыўнога 47-гадовага падпалкоўніка запасу Дзьмітрыя Ўткіна. Згодна са шматлікімі журналісцкімі расьсьледаваньнямі, байцы «ЧВК Вагнэра» актыўна ўдзельнічалі ў вайне на Данбасе і ў Сырыі. Аўтары расьсьледаваньняў зьвязвалі дзейнасьць ваеннай кампаніі са структурамі «асабістага рэстаратара Пуціна» Яўгена Прыгожына.

У Данбасе байцы «ЧВК Вагнэра» займаліся «зачысткамі» не падкантрольных палявых камандзіраў. У прыватнасьці, нібыта менавіта яны расстралялі картэж Аляксандра Бяднова ( «Бэтмэн»), а пазьней расправіліся з усім батальёнам «Бэтмэн».

Па дадзеных РБК, у лягеры «ЧВК Вагнэра» побач з Латакіяй і Алепа летам 2016 году разьмяшчаліся амаль 2,5 тысячы байцоў. Кіравалі апэрацыямі афіцэры ГРУ і ФСБ. Вучэбную базу ў Молькіна ў Краснадарскім краі, дзе трэніруюцца найміты, абслугоўваюць фірмы Яўгена Прыгожына. Усяго ж на паслугі наймітаў у Сырыі заказчыкі маглі выдаткаваць ды 10,3 мільярдаў расейскіх рублёў.

У жніўні брытанскі тэлеканал Sky News апублікаваў інтэрвію з двума былымі байцамі «ЧВК Вагнэра». Яны сьцьвярджалі, што ў баявых дзеяньнях у Сырыі загінулі ад 500 ды 600 расейцаў, усе яны былі наняты структурамі прыватнай ваеннай кампаніі.

З чэрвені 2016 году «намесьнік» «Вагнэра» узначальвае Санкт-Пецярбургскую рэгіянальную грамадзкую арганізацыю «Ліга абарона інтарэсаў вэтэранаў лякальных войнаў і ваенных канфліктаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG