У сераду прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп наведаў Лас-Вэгас, дзе тры дні таму 58 чалавек сталі ахвярамі забойцы, які ўчыніў страляніну ў час фэстывалю кантры-музыкі.
Прэзыдэнт пабываў у шпіталі, дзе знаходзяцца параненыя, і ва ўпраўленьні паліцыі, адкуль каардынавалася апэрацыя праваахоўных службаў. Дональд Трамп прапанаваў пацярпелым словы спагады і суцяшэньня і падзякаваў паліцыянтаў за высокапрафэсійную працу.
«Амэрыка сёньня — краіна, якая знаходзіцца ў жалобе», — абвясьціў прэзыдэнт Трамп. «Мы ведаем, што ваш смутак бязьмерны. Мы разам з вамі падзяляем ваш боль», — зьвярнуўся прэзыдэнт да пацярпелых і сваякоў загінулых. Выступаючы перад супрацоўнікамі паліцыі і спэцслужбаў, Дональд Трамп падзякаваў ім і падкрэсьліў, што яны прадэманстравалі ўсяму сьвету, як дзейнічаюць сапраўдныя прафэсіяналы.
На думку экспэртаў, апэратыўныя дзеяньні паліцыі, якая хутка выявіла месца знаходжаньня стралка і арганізавала эвакуацыю гледачоў, дапамаглі пазьбегнуць яшчэ большых ахвяраў.
Трагедыя адбылася ўвечары 1 кастрычніка, калі 64-гадовы Стывэн Пэдак адкрыў агонь па гледачах падчас канцэрту кантры-музыкі ў Лас-Вэгасе, з акна свайго нумара на 32-м паверсе гатэлю «Мандалэй Бэй».
Ахвярамі страляніны сталі 59 чалавек, больш за 500 атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Стралок скончыў жыцьцё самагубствам, калі паліцыя пачала ўзломваць дзьверы нумару.
Пазьней паліцыя выявіла ў гатэльным нумары і ў доме Пэдака некалькі дзясяткаў адзінак зброі.