Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прадаюць зброю ў ЗША і як яе набыў Стывэн Пэдак, які забіў 59 чалавек у Лас-Вэгасе


Вечарам 1 кастрычніка ў Лас-Вэгасе 64-гадовы пэнсіянер-бухгалтар Стывэн Пэдак расстраляў з акна свайго пакоя на 32-м паверсе гатэля наведвальнікаў канцэрту, які праходзіў на плошчы ўнізе. 59 чалавек былі забітыя, 527 параненыя.

Калі паліцыя ўварвалася ў нумар Пэдака, той пакончыў з сабой. У пакоі знайшлі цэлы арсэнал: мінімум 23 адзінкі агнястрэльнай зброi, у асноўным мадыфікаваныя аўтаматычныя вінтоўкі, якімі карыстаюцца ваенныя ЗША.

Зброю стралок прынёс у нумар у дзесяці валізках. Яшчэ 19 адзінак агнястрэльнай зброі знайшлі ў доме Пэдака ў Нэвадзе разам зь іншым вайсковым рыштункам.

Дом Пэдака ў Нэвадзе
Дом Пэдака ў Нэвадзе

Расстрэл у Лас-Вэгасе прэса называе самым крывавым у ЗША па колькасьці ахвяр. І зноў, як і пасьля кожнага падобнага выпадку, у Амэрыцы разгараецца дыскусія пра тое, каму і на якіх умовах можна прадаваць зброю.

Канстытуцыя ЗША гарантуе ўсім грамадзянам права валоданьня зброяй. Але збройнае заканадаўства моцна адрозьніваецца ў розных штатах. Чым кансэрватыўныя мясцовыя ўлады (Тэхас, Нэвада, Флорыда), тым прасьцей купіць зброю. Чым больш лібэральнае кіраўніцтва штата — тым больш абмежаваньняў, ажно да поўнай забароны (Нью-Джэрсі).

***

У розных штатах ЗША дзейнічаюць чатыры асноўныя падыходы да валоданьня зброяй:

«Shall issue» («абавязаны выдаць» дазвол) — улады штата выдаюць дазвол на валоданьне зброі ўсім, хто адпавядае пэўным крытэрам.

Гэтыя крытэры могуць нязначна адрозьнівацца ад штата да штату, аднак, як правіла, уключаюць у сябе патрабаваньні па ўзросьце, адсутнасьці крымінальнага мінулага і адсутнасьці гісторыі псыхічных захворваньняў. У асобных штатах трэба, перш чым купіць, здаць адбіткі пальцаў ці дадаткова прайсьці курсы па бясьпечным абыходжаньні са зброяй.

Некаторыя штаты дазваляюць мець зброю нават былым злачынцам (па сканчэньні вызначанага тэрміну), некаторыя дазваляюць продаж толькі рэзыдэнтам штату, недзе прызнаюць дазволы, выдадзеныя іншымі штатамі, дзесьці — не.

Але агульнае правіла, якое дзейнічае ў «shall-штатах»: калі чалавек, які хоча купіць зброю, адпавядае ўсім патрабаваным крытэрам, яму ня могуць адмовіць у дазволе.

«May issue» ( «могуць выдаць») — азначае, што ўлады штата выдаюць дазвол на валоданьне зброяй толькі тым, хто дакажа, што яно яна неабходная, а ў дазволе можа быць адмоўлена без тлумачэньня прычын.

Такія правілы дзейнічаюць, напрыклад, у Каліфорніі і Нью-Ёрку.

Дазвол не патрэбны — штаты, дзе для набыцьця зброі дазволу наогул не трэба. У некаторых з гэтых штатаў зброю можна трымаць толькі незараджанай, у іншых — разам са зброяй заўсёды трэба мець пры сабе пасьведчаньне асобы.

Валоданьне зброяй забаронена. Такіх да 2016 году ў ЗША не засталося.

Але ў акрузе Калюмбія, на Гаваях, у Масачусэцы і Нью-Джэрсі, а таксама ў Род-Айлэндзе дазвол на нашэньне зброі атрымаць няпроста, хоць фармальна гэта «may issue» штаты.

****

Нэвада, дзе жыў Стывэн Пэдак, адносіцца да групы штатаў з аднымі з самых лібэральных збройных законаў. Для куплі зброі ў Нэвадзе ня трэба дазвол уладаў.

Набытую зброю няма неабходнасьці рэгістраваць, а ва ўладальніка ня просяць ліцэнзію на права валоданьня. Аднак ліцэнзаваныя прадаўцы зброі (а з лістапада 2016 гады — і прыватныя асобы) абавязаныя правесьці пры продажы зброі праверку асобы пакупніка: папрасіць у яго дакумэнты і прымусіць запоўніць спэцыяльную анкету.

Мінімум дзьве крамы ў Нэвадзе пацьвердзілі, што зброя, якую набыў лас-вэгаскі стралок, была набытая легальна і на яго імя. Тое ж самае заявілі і прадстаўнікі крамы ў горадзе Вэрдзі, дзе Пэдак набыў яшчэ шэсьць адзінак зброі.

Пэдак, па словах прадаўцоў, ня быў сталым кліентам, але прайшоў усе праверкі, у тым ліку з боку ФБР і іншых дзяржорганаў, якія крамы па законе павінны праводзіць пры продажы зброі. Адмовіць яму ў куплі зброі прадаўцы не знайшлі падстаў: у стралка не было прывадаў у паліцыю, за ім не лічылася буйных правапарушэньняў, за выключэньнем ДТЗ. Не знайшлі парушэньні закону пры продажы і сьледчыя, якія дапытвалі супрацоўніка крамы, які афармляў пакупку.

Збройныя законы Нэвады настолькі лібэральныя, што ў штаце свабодна і без дазволу можна купіць нават аўтаматычную зброю, якая забароненая да продажу ў шмат якіх іншых штатах. Ня дзейнічае там і абмежаваньне на абʼём крамы.

З гэтага гатэлю страляў Пэдак
З гэтага гатэлю страляў Пэдак

Прадстаўнік крамы New Frontier, праўда, сьцьвярджае, што яго крама не прадавала Пэдаку аўтаматычнай зброі, якая была выкарыстана пры расстрэле ў Вэгасе. Гэта, у прыватнасьці, чатыры аўтаматы DDM4 кампаніі Daniel Defense, чатыры FN-15 ад FNH ЗША, амэрыканскага філіялу FN Herstal і некалькі іншых ствалоў ад Sig Sauer. Па дадзеных крыніцы, блізкай да сьледзтва, як мінімум адзін зь іх быў мадыфікаваны для павышэньня хуткастрэльнасьці.

Але іншыя збройныя крамы ў Нэвадзе пакуль не паведамляюць, што менавіта ў іх купіў стралок. Экспэрты лічаць, што менавіта аўтаматычная зброя і тое, што Пэдак страляў чэргамі, стала прычынай вялікай колькасьці ахвяр сярод наведвальнікаў канцэрту.

Жалобная цырымонія ў Лас-Вэгасе
Жалобная цырымонія ў Лас-Вэгасе

Што тычыцца нашэньня зброі, то ў Нэвадзе яе можна насіць цалкам адкрыта. Калі ж уладальнік хоча насіць зброю ўтоена, яму трэба атрымаць дазвол уладаў, але як правіла, у большасьці раёнаў (графствах) гэта нескладана. Такім чынам, нават калі хтосьці з супрацоўнікаў гатэля і зразумеў, што Пэдак ідзе ў нумар са зброяй, ён ня змог бы яго спыніць: закону, які б дазваляў гэта рабіць, у штаце проста не існуе.

****

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG