Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускамоўны, вайсковы, дзяржаўны чалавек». Чаго чакаць ад новага міністра інфармацыі Карлюкевіча


Аляксандар Карлюкевіч
Аляксандар Карлюкевіч

Сёньня Аляксандар Лукашэнка прызначыў Аляксандра Карлюкевіча на пасаду міністра інфармацыі, якую апошнія тры гады займала Лілія Ананіч. Прафэсійны вайсковец і журналіст, Карлюкевіч кіраваў холдынгам «Літаратура і мастацтва» (2006–2011), газэтай і выдавецкім домам «Звязда» (2011–2016), атрымаў прэмію Лукашэнкі «За духоўнае адраджэньне». Свабода пацікавілася, чаго можна чакаць ад новага міністра.

«Беларускамоўны, але з вайсковай выпраўкай»

Экс-журналіст «Звязды» Яўген Валошын згадвае прыход на пасаду галоўнага рэдактара газэты Карлюкевіча, які ўрэшце прымусіў яго звольніцца.

«Мне тады Алесь Карлюкевіч падаўся абсалютна дзяржаўным чалавекам, які аўтаматычна выконвае нейкія распараджэньні. Магчыма, ягоны вайсковы бэкграўнд, а ён скончыў Львоўскае вышэйшае вайскова-палітычнае вучылішча, і паўплываў на стратэгію ягоных паводзінаў. Ён тады ўжо падаваўся мне чалавекам старой загартоўкі. Я ня бачыў, каб у „Звяздзе“ пад яго кіраўніцтвам ужываліся новыя тэхналёгіі, каб газэта пачала квітнець. Таму я зьдзіўлены, што ён стаў міністрам інфармацыі», — кажа журналіст.

Яўген Валошын, архіўнае фота
Яўген Валошын, архіўнае фота

Яўген Валошын дадае, што ў кабінэце галоўнага рэдактара «Звязды» Аляксандра Карлюкевіча вісеў партрэт Янкі Купалы.

Журналіст лічыць станоўчым той факт, што новы міністар інфармацыі беларускамоўны.

«Гэта пазытыўны момант. Але ў яго вайсковая выпраўка, а яго новая пасада досыць творчая. Сёньня трэба думаць, як разьвіваць рынак СМІ, насычаць, рабіць яго мацнейшым. Але я сумняваюся, што Карлюкевіч здольны гэтыя задачы выканаць. Як чалавек вайсковы ён будзе выконваць інструкцыі», — кажа Валошын.

Ён згадвае і яшчэ адзін працоўны момант:

«Я рыхтаваў журналісцкае расьсьледаваньне, зьвязанае з наркатызацыяй, дзе агучваліся сур’ёзныя лічбы, якія ў той час яшчэ хаваліся. І пра датычнасьць да наркабізнэсу некаторых высокіх чыноўнікаў. Ён чытаў гэтае расьсьледаваньне і ня ўносіў туды правак. Тады ён не праявіў сябе чалавекам, які ўсяго баіцца».

«З Ананіч сышла цэлая эпоха»

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што Міністэрства інфармацыі наагул не патрэбнае, бо такога органа дзяржаўнага кіраваньня не існуе ў ніводнай суседняй краіне.

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

«Але калі гэты орган існуе, паглядзім, ці можа нешта зьмяніць зьмена асобы на яго чале, — сказаў Бастунец. — Тое, што новы міністар займаў доўгі час розныя пасады ў СМІ, дае пэўныя спадзевы. Але ацэнкі будзем даваць пасьля таго, як пройдзе пэўны час».

Камэнтуючы сыход Ліліі Ананіч, ён сказаў, што зь ёй «сышла цэлая эпоха».

«Яна займала пасаду міністра апошнія тры гады, а перад гэтым, ад пачатку стварэньня гэтага дзяржаўнага органа ў галіне інфармацыі, займала там кіроўныя пасады. Яна перажыла некалькіх міністраў. Паглядзім, як пасьля сыходу гэтай эпохі сытуацыя зьменіцца, — лічыць старшыня БАЖ.

«У працы міністэрства нічога па сутнасьці ня зьменіцца»

Пісьменьнік Анатоль Вярцінскі называе Аляксандра Карлюкевіча вопытным журналістам, прафэсіяналам высокага клясу.

Анатоль Вярцінскі
Анатоль Вярцінскі

Аднак ён мяркуе, што з прызначэньнем Карлюкевіча «нічога па сутнасьці ня зьменіцца ў працы міністэрства».

«Бо гэта не залежыць ад таго, хто будзе ўзначальваць міністэрства. У гэтым я не сумняваюся», — перакананы Вярцінскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG