«Па прадстаўленьні Міністэрства абароны кіраўніку ўкраінскай дыпмісіі ў Менску ўручана нота ў сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Беларусі з боку Украіны самалётам DA-42, якое мела месца 25 верасня 2017 года», — паведамляе БЕЛТА з пасыланьнем на прэсавую службу МЗС Беларусі.
Кіеў: Самалёт ня ёсьць вайсковым
У Міністэрстве абароны Ўкраіны Свабодзе паведамілі, што самалёт DA-42 ня ёсьць вайсковым.
«Калі б гаворка ішла пра МіГ, СУ аб АН, тады можна было б сьцьвярджаць, што самалёт належыць украінскім узброеным сілам», — адзначыў у размове са Свабодай прадстаўнік прэсавай службы.
Вядома, што Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны выкарыстоўвае пяць лёгкаматорных самалётаў DA-42 для кантролю сытуацыі на дзяржаўнай мяжы. У часе правядзеньня беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў ўкраінскія памежнікі ўзмацнялі авіяцыяй кантроль за беларуска-ўкраінскім участкам мяжы.
«Мы не парушалі паветраную прастору»
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны пацьвердзілі, што 25 верасьня памежны самалёт зьдзяйсьняў палёты дзеля паветранага маніторынгу сытуацыі на мяжы ў сувязі з правядзеньнем вучэньняў «Захад-2017», але абверглі абвінавачаньне беларускага боку ў парушэньні паветранай прасторы.
«Нашы прыборы адсочваюць перамяшчэньне самалёта, і ў нас ёсьць дакладныя каардынаты, якія сьведчаць, што мы не парушалі паветраную прастору суседняй краіны. Інфармацыя (пра парушэньне. — РС) не пацьвярджаецца і нашымі падразьдзяленьнямі супрацьпаветранай абароны», — сказаў памочнік кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алег Слабадзян.
Прадстаўнік адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы падкрэсьліў, што ў межах праграм па рэглямэнтацыі такіх палётаў Украіна інфармуе беларускі бок пра іх зьдзяйсьненьне і пра месцазнаходжаньне самалётаў. «Калі было патрэбна, то мы выходзілі на кантакт. Таму на дадзены момант няма падстаў сьцьвярджаць, што ўкраінскі памежны самалёт парушыў паветраную прастору Беларусі. Але гэтую інфармацыю мы яшчэ больш дэталёва пераправерым», — дадаў ён.
Алег Слабадзян таксама сказаў, што маніторынг супольнага ўчастку мяжы зь Беларусьсю пры дапамозе авіяцыі працягваецца дагэтуль.
«Вучэньні завяршыліся, але войскі яшчэ выводзяцца, таму мы працягваем маніторыць беларуска-ўкраінскую мяжу», — сказаў памочнік кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.