Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны камітэт Беларусі: мы канфіскавалі ўтрая болей санкцыйных харчоў, чым расейцы


За 8 месяцаў гэтага года беларускія мытнікі канфіскавалі каля 8 тысяч тон санкцыйнай прадукцыі. Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Юры Сянько, перадае БелТА.

Ён сказаў, што яго ведамства працягвае змагацца са спробамі вывазу санкцыйнай прадукцыі з тэрыторыі Беларусі ў Расею.

«Ад пачатку гэтай санкцыйнай працы мытная служба канфіскавала і не дапусьціла да руху ў бок Расеі 21 тысячы тон санкцыйнай прадукцыі. Яна накіравана ў даход дзяржавы. Па сродках масавай інфармацыі, са справаздач нашых калегаў у Фэдэральнай мытнай службе мы бачым, што яны канфіскавалі каля 7 тысяч тон тавараў. Мы працягваем гэтую працу», — сказаў Юры Сянько.

Каб запабегчы пастаўкі санкцыйнай прадукцыі ў Расею беларускія мытнікі праверылі больш за 2 мільёны 300 тысяч транспартных сродкаў, якія заяжджалі з тэрыторыі краін Заходняй Эўропы. Паводле Сянько, зь іх 4,7 тысяч транспартных сродкаў вярнулі, бо суправаджальныя дакумэнты не адпавядалі патрэбным крытэрам.

«Такім чынам мы абараняем Расейскую Фэдэрацыю па тых абмежаваньнях, якія яны ўвялі ў сябе на тэрыторыі краіны», — запэўніў Сянько.

Расея абвінавачвае Беларусь

У жніўні расейскі бок паведаміў пра раскрыцьцё сеткі зь некалькіх дзясяткаў пастаўшчыкоў санкцыйнай прадукцыі празь Беларусь.

Паводле Фэдэральнай мытнай службы Расеі, за першыя пяць месяцаў 2017 году ў Беларусь было ўвезена 975,24 тысячы тон прадукцыі, якую Расея адносіць да санкцыйнай. Большая частка з гэтага аб’ёму (835,22 тысячы тон) была ўвезеная з «забароненых» краін. Паводле расейскага боку, усяго за пяць месяцаў 2017 году зь Беларусі ў Расею было ўвезена 1,2 мільёна тон тавараў, на якія распаўсюджваюцца санкцыі.

Паводле Рассельгаснагляду, са жніўня 2015 году, калі на тэрыторыі Расеі пачалі зьнішчаць санкцыйныя прадукты , і да канца ліпеня 2017 году было затрымана звыш 16,5 тысячы тон кантрабандных садавіны і гародніны і больш за 600 тон мяса і сыру. Колькі забароненых тавараў пасьпяхова перасекла расейскую мяжу, невядома. Але расейскія кантрольныя органы сьцьвярджаюць, што большая іх частка паступае зь Беларусі.

У Рассельгаснаглядзе кажуць, што беларускі бок не жадае дамаўляцца пра ўвядзеньне новых захадаў дзеля скарачэньня нелегальных паставак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG