Амэрыканская кампанія Google дамовілася аб набыцьці часткі бізнэсу тайваньскага вытворцы смартфонаў HTC за $ 1,1 млрд. Пра гэта паведамляецца ў блогу ІТ-гіганта.
Паводле ўмоваў угоды, каля 2000 супрацоўнікаў HTC, якія ўжо працуюць над новай вэрсіяй смартфона для Google пад брэндам Pixel, пяройдуць пад крыло пакупніка. Амэрыканская карпарацыя таксама атрымае невыключныя правы на інтэлектуальную ўласнасьць HTC.
HTC працягне займацца вытворчасьцю і продажам смартфонаў пад уласным брэндам. Таксама кампанія засяродзіцца на разьвіцьці напрамку віртуальнай рэальнасьці і шлема HTC Vive у прыватнасьці.
Бакі плянуюць закрыць дамову ў пачатку 2018 году пасьля яе ўхваленьня фінансавымі рэгулятарамі.
HTC — даўні партнэр Google у выпуску смартфонаў і пляншэтаў пад брэндамі Nexus і Pixel. Паводле ацэнак некаторых аналітыкаў, на смартфоны Pixel прыпадае 20% усіх продажаў смартфонаў HTC, піша Reuters. 4 кастрычніка Google плянуе прадставіць новае пакаленьне прыладаў сямейства Made by Google, у тым ліку наступную вэрсію смартфонаў Pixel.