Беспрацоўнага настаўніка Андрэя Павука з Рудабелкі аштрафавалі за адзіночны пікет з плякатам «Вазьміце Павука на працу».
19 жніўня судзьдзя Акцябрскага раёну Ўладзімер Васілеўскі прызнаў вядомага блогера, настаўніка біялёгіі па адукацыі Андрэя Павука вінаватым у парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства і аштрафаваў на 10 базавых велічыняў, што складае 230 рублёў.
«Я казаў у судзе, што ў мяне склалася цяжкая жыцьцёвая сытуацыя, што мне неабгрунтавана адмаўляюць у працаўладкаваньні ў школах раёну, нават калі прэтэндую на вакансію лябаранта або прыбіральшчыка. Мы гадуем з жонкай дваіх дзяцей, а працуе толькі яна адна. Выплачваем зь яе заробку і крэдыт за кватэру. Спасылаўся і на беларускую Канстытуцыю, што яна гарантуе грамадзянам свабоду перакананьняў ды іх вольнае выяўленьне. Аднак судзьдзя Васілеўскі ня ўзяў гэта пад увагу і аштрафаваў, яшчэ болей ускладніўшы і без таго складанае фінансавае становішча маёй сям’і», — сказаў Свабодзе Андрэй Павук.
«Парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах» з боку Павука выявілася ў тым, што 29 жніўня ён выйшаў на плошчу з плякатам «Вазьміце Павука на працу!». Да гэтага стаяў з плякатам у фае Дома культуры, дзе праходзіла раённая пэдагагічная нарада. З тае прычыны ўчастковы інспэктар Дзьмітры Крумгольц і склаў на Павука адміністрацыйны пратакол.
У жніўні Павук спрабаваў уладкавацца ў трох школах раёну на адкрытыя вакансіі пэдагога-арганізатара, інжынэра-праграміста і нават прыбіральшчыка службовых памяшканьняў, але яму ўсюды адказвалі, што вакансіі ўжо запоўненыя. Не дапамог і пісьмовы зварот да намесьніка старшыні райвыканкаму
Няўдалай выдалася й спроба Андрэя Павука на прапанову раённага аддзелу адукацыі ўладкавацца на пачатку году ў Любанскую сярэднюю школу настаўнікам біялёгіі ды хіміі. Нечакана на адрас аддзелу адукацыі Акцябрскага райвыканкаму прыйшоў ліст пратэсту ад бацькоў школьнікаў, які, па словах Павука, магла ініцыяваць старшыня сельсавету Тамара Кароль. Васьмёра бацькоў школьнікаў у калектыўным лісьце выказаліся супраць прызначэньня Андрэя Павука настаўнікам з прычыны «яго дзейнасьці». Адзін з подпісаў аказаўся падробленым.
Пад «дзейнасьцю» Андрэя Павука мелася на ўвазе ягоная актыўная грамадзянская пазыцыя. Ён стварыў у сацыяльных сетках суполкі «Рудабельская паказуха», стаў здымаць відэасюжэты пра мясцовае жыцьцё, у якіх часьцяком даставалася й мясцовым чыноўнікам.