Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікі спорт невялікай краіны


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

У Славеніі сьвята. Перамога нацыянальнай каманды на баскетбольным чэмпіянаце Эўропы стала сэнсацыяй.

Не прайграўшы ніводнага зь дзевяці матчаў на турніры, у паўфінале з розьніцай дваццаць (!) балаў паваліўшы зорную каманду Гішпаніі з братамі Газолямі на чале. У фінале ў балканскім дэрбі ў апошняй чвэрці даціснуўшы зборную Сэрбіі, якая не пакінула шанцаў камандзе Расеі ў другім паўфінале.

Гледзячы на славенскі трыюмф у Стамбуле, я думаў, чаму так адбываецца, калі каманда краіны з колькасьцю насельніцтва толькі два мільёны чалавек, у выдатным стылі становіцца пераможцам галоўнага эўрапейскага турніру? І гэта не адно баскетбол. Славенія ўзор спартовых дасягненьняў, асабліва ў камандных відах.

І Югаславія, і СССР распаліся ў 1990-ыя, але з таго часу Славенія другая на чэмпіянаце Эўропы 2004, трэцяя на чэмпіянаце сьвету па гандболе 2017.

Славенія адбіралася ў фінальныя футбольныя турніры чэмпіянату Эўропы 2000 і сьвету 2002 і 2010, у апошнім па суме стыкавых матчаў абыграўшы Расею з насельніцтвам 140 мільёнаў чалавек. Каманда Славеніі мае шанцы патрапіць і на галоўны футбольны турнір 2018.

Славенія срэбны прызёр чэмпіянату Эўропы па валейболе 2015. Нарэшце Славенія два разы закрэсьлівала мары Беларусі на ўдзел у хакейных турнірах зімовых Алімпіяд.

Пра такія дасягненьні Беларусь можа толькі марыць. Тое, што нармальна для славенцаў і Славеніі, для беларусаў, якія спрэс называюць сваю дзесяцімільённую краіну маленькай, немагчымая рэч.

Як той казаў, усё ў галовах.

Прыгадваю леташні адборачны турнір на гэты баскетбольны чэмпіянат Эўропы, дзе славенцы сталі чэмпіёнамі.

Беларускай зборнай, каб там апынуцца, трэба было ў апошнім матчы перамагчы аўтсайдэра сваёй групы, зборную Партугаліі. Здавалася, мара ўскочыць у апошні вагон і ўпершыню згуляць у фінальнай стадыі эўрапейскага баскета для беларусаў была такой рэальнай, але не. Прайгралі. Ад недахопу веры ў сябе, як каманды, як нацыі, як пасьпяховай і самадастатковай краіны.

Тая ж карціна і зь іншымі гульнявымі відамі, якія акрэсьліваюць спартовую, і ўвогуле якасьць краіны.

«Мы ж маленькія. У нас жа нічога няма. Мы без Расеі ня выжывем». Гэта набор штампаў, што два дзесяцігодзьдзі прадукуе ўлада і падкантрольныя ёй ідэалягічныя аддзелы й мэдыі. З часу абраньня першага прэзыдэнта Беларусі, ад самае школы дзецям і дарослым забіваюць у галовы цьвік пра тое, што мы маленькія і ўбогія. Але ўбогія не перамагаюць. Нідзе й ніколі. Дык адкуль возьмуцца вынікі.

Нацыянальная каманда – гэта ў тым ліку й гісторыя краіны, яе сапраўдныя сымбалі, яе мова, гонар за ўсё нацыянальнае, пачынаючы ад прыватнага беларуса й сканчаючы краінай Беларусь.

Улада, якая шматкроць зьневажала сваё нацыянальнае, ніколі не прызнае любую нацыянальную каманду цалкам сваёй, бо падсьвядома адчувае пагрозу ад любога выдатнага выступу нацыянальнае каманды, што наўпрост вядзе да пад'ёму духу нацыі, гонару за Беларусь, зьяднае краіну і людзей, і тады людзі адчуваюць сябе сілай.

Для гэтай улады цалкам свая каманда энкавэдэшнае «Дынама» ў розных іпастасях. Ад хакея-футбола да часткі ўнутраных войскаў пад камандай Паўлічэнкі ці міністэрства пад кіраўніцтвам Шуневіча.

Але там, дзе ёсьць НКВД, там няма Беларусі, уся найноўшая гісторыя нашай краіны крывёй і турмой крэсьліла гэтую формулу. Ніякае «Дынама», колькі б заўзятараў яно не зьбірала на трыбунах, ніколі не заменіць для Беларусі й беларусаў Нацыянальную каманду. Гэта аксіёма.

Пакуль улада будзе антаганістам нацыянальнага, пакуль грошы будуць укладацца ў НКВД ува ўсіх ягоных іпастасях, але не ў адукацыю, культуру й дзіцячы спорт, гэткая сытуацыя ня выправіцца і мы будзем прайграваць у вырашальных і невырашальных матчах партугалам у баскетболе, Люксэмбургу ў футболе, той жа Славеніі ў хакеі.

А ўрэшце застаецца павіншаваць зь яскравай і абсалютна заслужанай перамогай Славенію, невялікую краіну зь вялікай гісторыяй, вялікім нацыянальным духам, і, як вынік, вялікім спортам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG