Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі 19 верасьня афіцыйна ўзяла старт у кампаніі па абраньні дэпутатаў мясцовых саветаў. Пра гэта сёньня на прэсавай канфэрэнцыі заявіў першы намесьнік партыйнага старшыні Алег Гайдукевіч. Ён таксама агучыў тактыку ЛДПБ на наступныя за мясцовымі выбары — прэзыдэнцкія і парлямэнцкія.
Мясцовыя выбары пачынаюць новы палітычны цыкль
Алег Гайдукевіч кажа, што ня верыць у правядзеньне прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у адзін і той жа год.
«Мы мяркуем, што напрыканцы 2019 году адбудуцца выбары прэзыдэнта, а ў 2020 годзе — парлямэнту. Прыярытэтнымі ў мясцовай кампаніі для партыі стануць абласныя саветы і Менскі гарадзкі. На папярэдніх выбарах мы вылучылі сюды 155 кандыдатаў, зараз іх будзе як мінімум удвая болей. Асобна правядзем экспэрымэнт на Палесьсі. У Пінску мы стварылі рэгіянальны офіс. Хочам паглядзець, як пройдзе выбарчая кампанія тут, куды раней палітычныя партыі, ня толькі нашая, не даходзілі», — сказаў Гайдукевіч.
Ён назваў ЛДПБ апазыцыйнай партыяй, а таму ў блёк з уладай уступаць яны ня будуць «ні ў якім выпадку». А вось зь іншымі апазыцыйнымі партыямі яны гатовыя весьці перамовы, «але толькі па канкрэтных акругах».
На прэзыдэнцкіх выбарах будуць тры кандыдаты
На пасаду кіраўніка Беларусі, паводле Алега Гайдукевіча, будуць прэтэндаваць толькі тры кандыдаты.
«Гэта кандыдат ад улады, ад ЛДПБ і ад правацэнтрысцкай кааліцыі. Я ўпэўнены, у выбарах трэба ўдзельнічаць. Нават калі не атрымліваецца перамагчы. Партыя, якая ня мае свайго кандыдата ў прэзыдэнты, не разьвіваецца», — сказаў ён.
Варта дадаць, што месяц таму зьезд лібэральных дэмакратаў вырашыў, што на наступных прэзыдэнцкіх выбарах партыю будзе прадстаўляць не Сяргей, а Алег Гайдукевіч.
ЛДПБ дамагаецца рэфэрэндуму аб пераходзе на зьмяшаную сыстэму парлямэнцкіх выбараў
Па словах Алега Гайдукевіча, ягоная партыя лічыць, што разам зь мясцовымі выбарамі трэба правесьці і рэфэрэндум у падтрымку зьмяшанай сыстэмы выбараў.
«Беларусь застаецца адзінай краінай на постсавецкай прасторы, дзе ўсе дэпутаты абіраюцца толькі па мажарытарнай сыстэме, то бок па выбарчых акругах. Так болей не павінна быць. Мы прапануем для пачатку палову дэпутатаў абіраць праз аднамандатныя акругі, і яшчэ палову — праз партыйныя сьпісы», — сказаў палітык.
Першы намесьнік старшыні ЛДПБ патлумачыў, што, у адрозьненьне ад беспартыйнага дэпутата, за партыйным стаяць аўтарытэт, магчымасьці, сувязі і рэсурсы.
«Нашы прадстаўнікі Сяргей Гайдукевіч з Савету Рэспублікі і Анатоль Хішчанка з Палаты прадстаўнікоў уваходзяць у Парлямэнцкі сход Беларусі і Расеі. Яны адзіныя партыйцы зь беларускага боку. А расейцы ўсе партыйныя — з чатырох розных партыяў», — сказаў Алег Гайдукевіч. — Мне нядаўна давялося прысутнічаць на размове беларускіх і польскіх дэпутатаў. І мне спадабаўся наш прафэсар Ігар Марзалюк. Разумны, адукаваны, гаворыць па-польску. Але хто за ім стаіць? Толькі ягоныя выбарнікі з акругі. Палякі з гэтага вельмі дзівіліся«.
Ён сказаў, што ЛДПБ цяпер «вельмі актыўна» працуе з уладай, даказвае, што «безь пераменаў краіна зойдзе ў застой, стагнацыю і дэградацыю».
«І тады застанецца толькі рэвалюцыя. Таму трэба даваць значна больш правоў партыям», — кажа ён.
На пытаньне Свабоды, як у гэтым ключы ЛДПБ выкарыстоўвае парлямэнцкія магчымасьці, Гайдукевіч-малодшы адказаў:
«Я адкрыю вам таямніцу. Вельмі шмат хто з сэнатараў і дэпутатаў падтрымліваюць ідэю зьмяшаных выбараў. Пакуль яны публічна не афішуюць гэтага. Але хутка і яны загавораць пра гэта».