Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі сьвятар: Фільм «Матыльда» прадстаўляе нашага сьвятога і імпэратара ў непрымальным сьвятле


Афіша мастацкага фільму Аляксея Ўчыцеля «Матыльда»
Афіша мастацкага фільму Аляксея Ўчыцеля «Матыльда»

У Расеі не сьціхаюць жарсьці вакол мастацкага фільму Аляксея Ўчыцеля «Матыльда». У аснову сюжэту гістарычнай драмы ляглі рамантычныя стасункі 22-гадовага цэсарэвіча, будучага расейскага цара Мікалая ІІ, і 18-гадовай польскай балерыны імпэратарскага тэатру Матыльды Кшэсінскай.

Абвешчаная на 23 кастрычніка прэм’ера ў Марыінскім тэатры, дзе танцавала Кшэсінская, пад пагрозай зрыву — днямі ў Санкт-Пецярбургу прайшоў шматтысячны марш-малебен супраць паказу стужкі на вялікім экране.

Дагэтуль ваяўнічыя актывісты самаабвешчанай «Хрысьціянскай дзяржавы — Сьвятой Русі» закідалі бутэлькамі з запальнай сумесьсю піцерскую студыю рэжысэра і пагражалі фізычнай расправай яму і ягонай сям’і.

Рэжысэр «Матыльды» Аляксей Учыцель
Рэжысэр «Матыльды» Аляксей Учыцель

Апроч таго, падпалы машын, тараны кінатэатраў, ледзь не штодзённая эвакуацыя адміністрацыйных будынкаў праз пагрозу выбухаў — зьвесткі як зь лініі фронту. Пры тым, што кіно бачыла толькі абмежаваная купка чыноўнікаў, ад якіх залежала рашэньне наконт выдачы пракатнага пасьведчаньня.

І ўсё праз тое, што Ўчыцель «замахнуўся» на сьвятое: кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой Мікалай ІІ, на пераканьне вернікаў і шэрагу дзяржаўных дзеячаў Расеі, ня можа паказвацца ў фрывольных сцэнах.

Сёньня замахнуліся на імпэратара, заўтра зьняважаць правадыра пралетарыяту

Царкоўныя герархі ў масе сваёй асудзілі «грахоўны» твор Аляксея Ўчыцеля, абвінаваціўшы яго ў «сьвятатацтве».

Да крытыкаў далучыўся Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Павел, які спачатку ў эфіры тэлеканалу «Эхо ТВ», а сёньня ў камэнтары для афіцыйнага парталу Беларускай праваслаўнай царквы правёў нечаканыя паралелі: маўляў, сёньня зьневажаем імпэратара Мікалая II, заўтра будуць зьневажаць Уладзіміра Ільіча Леніна, а пасьлязаўтра — некага іншага.

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел
Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел

«Зьдзекуемся са сваёй гісторыі!», — падсумаваў мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, якога асабліва абурыла, што фільм маюцца паказаць пад сотую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Заклапочанасьць замахам на сьвяты вобраз імпэратара выказваюць і іншыя сьвятары беларускіх храмаў, якія знаходзяцца пад пратэктаратам Рускай праваслаўнай царквы.

Настаяцель прыходу храма ў гонар сьвяціцеля Сьпірыдона Трыміфунцкага ў Менску айцец Аляксандар Пальчэўскі сваю пазыцыю тлумачыць «надзвычай вольнай інтэрпрэтацыяй гістарычных падзей» з боку аўтара.

Настаяцель храма ў гонар сьвяціцеля Сьпірыдона айцец Аляксандар Пальчэўскі
Настаяцель храма ў гонар сьвяціцеля Сьпірыдона айцец Аляксандар Пальчэўскі

«Магчыма, я ня так добра ведаю біяграфію Мікалая ІІ, незнаёмы з дакумэнтамі, але ўсё ж ёсьць пытаньні наконт праўдзівасьці адлюстраваньня тых падзей, якія апісваюцца ў фільме, — сказаў ён Свабодзе. — Нават гісторыкі, спэцыялісты дастаткова крытычна да гэтага ставяцца, ня кажучы ўжо пра суадносіны агульнага маральнага аблічча Мікалая ІІ як сьвятога, які нашай царквой кананізаваны».

Аляксандар Пальчэўскі нагадвае, што пытаньне кананізацыі цара Мікалая ІІ у свой час дастаткова шырока і напружана абмяркоўвалася, але ў царкве ёсьць адмысловая камісія кананізацыі сьвятых. Яго жыцьцё падрабязна вывучалася і на падставе жыцьцяпісу, малебнай дапамогі, падтрымкі вернікам, цудаў, якія адбываліся, было прынятае рашэньне аб кананізацыі.

«Для мяне як чальца царквы, верніка, хрысьціяніна гэта не паддаецца аспрэчваньню, — гаворыць ён. — Як і для ўсіх вернікаў. Да таго ж, як я ўжо казаў, у дачыненьні фільму ёсьць шмат пытаньняў грубых фактычных неадпаведнасьцяў рэальнасьці. І прадстаўляць ня толькі сьвятога нашай царквы, але і імпэратара ў такім сьвятле, як мне здаецца, абсалютна непрымальна».

Тым ня менш, адрозна ад Расеі, у Беларусі публічных пратэстаў супраць паказу мастацкага фільму «Матыльда» не адбываецца, прэм’ера ў кінатэатрах па ўсёй краіне заплянаваная на 26 кастрычніка.

Пакланіцца тапку — тое самае, што дакрануцца да сьвятых мошчаў

А вось для асабліва недасьведчаных здаюцца дзіўнымі некаторыя рэчы, якія адбываюцца якраз у царкоўных сьценах. Прыход менскага храма ў гонар сьвяціцеля Сьпірыдона Трыміфунцкага пакуль ня мае свайго будынка і месьціцца ў вялікім пакоі з тыльнага боку паркінгу на вуліцы Бурдзейнага. У апошнія дні чэрвеня там зьявілася рэліквія, якая жыва абмяркоўвалася ў сацыяльных сетках — з грэцкага вострава Корфу сюды быў дастаўлены тапак з мошчаў сьвяціцеля Сьпірыдона.

Тапак з мошчаў сьвяціцеля Сьпірыдона
Тапак з мошчаў сьвяціцеля Сьпірыдона

Цяпер перад тапкам адбываюцца богаслужэньні, сьвятыня штодня даступная для пакланеньня. Айцец Аляксандар прызнаецца, што вымушаны быў рэагаваць на абвінавачаньні ў «цемрашальстве», але гэта зусім ня тое, калі параўноўваць з кінафантазіямі асобных рэжысэраў:

«Шанаваньне царквой сьвятых мошчаў — гэта традыцыя і частка рэлігійнага жыцьця, якая бярэ адлік ад самых першых стагодзьдзяў хрысьціянства. Калі першыя пакутнікі падчас ганеньняў прымалі сьмерць за веру і Хрыста, іхныя парэшткі шанаваліся, да іх ставіліся з глыбокай павагай, як да вялікай сьвятыні. Таму што Боская благадаць прысутнічала і пасьля іх сьмерці».

Пацьверджаньнем гэтаму, працягвае суразмоўца, — шматлікія цуды, калі вернікі, зьвяртаючыся з малітвай да сьвятога, дакранаючыся, прыкладаючыся да парэшткаў, атрымлівалі рэальнае ацаленьне. Па яго словах, тапак Сьпірыдона Трыміфунцкага для царквы зьяўляецца гэткай жа сьвятыняй. Нягледзячы на тое, што сьвяты жыў у ІІІ стагодзьдзі, да нашага часу яго цела засталося нятленным. У гэтым могуць пераканацца ўсе, хто наведвае храм на востраве Корфу, дзе знаходзяцца ягоныя мошчы.

«І гэта ёсьць адным з доказаў сьвятасьці; адпаведна, такое да іх асаблівае стаўленьне, — падсумоўвае айцец Аляксандар. — Разам з мошчамі аналягічнае стаўленьне і да тапачкі — часткі адзеньня, узятай зь яго сьвятых рэчаў. Тапачка ўжо наша, вяртаць ня трэба. Існуе такая традыцыя: некалькі разоў на год гэтыя тапачкі мяняюць і раздаюць па ўсім сьвеце. Гэта значыць, яны знаходзяцца шмат у якіх праваслаўных храмах».

Абраз сьвяціцеля Сьпірыдона Трыміфунцкага
Абраз сьвяціцеля Сьпірыдона Трыміфунцкага

Позна ўвечары 18 верасьня ў межах так званага «Усерасейскага гуманітарнага аўтапрабегу і хрэснага ходу «Вялікая Расея» Менск апынуўся на шляху актывістаў расейскай арганізацыі «Национально-освободительное движение».

Паведамляецца, што рух падтрымлівае прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, анэксію Крыму, прарасейскіх сэпаратыстаў у збройным канфлікце на Данбасе і аказвае актыўны супраціў плянам рэжысэра Аляксея Ўчыцеля зганьбіць сьвяты вобраз «цара-бацюшкі».

Гарадзкія ўлады сьцьвярджаюць, што аб праваслаўна-патрыятычнай акцыі расейскіх «нацыянал-вызваленцаў» нічога ня ведалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG