Нагодай стала інфармацыя ў СМІ пра ініцыятыву ўсталяваць у Глыбокім помнік Леніну.
Кастусь Шыталь лічыць гэта ганьбай для горада, і таму на сайце westki.info разьмясьціў зварот да чыноўніка. Ён піша: «...дагэтуль пры кіраваньні Алега Морхата ўсталёўвалі помнікі выбітным людзям, культурным дзеячам — а цяпер будзе ўсталяваны помнік злачынцу, заснавальніку злачыннай сыстэмы. За часамі ўлады камуністаў былі забітыя, незаконна зьняволеныя ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч жыхароў Глыбоцкага раёна. Сотні вязьняў турмы ў Беразвеччы былі расстраляныя падчас эвакуацыі ў чэрвені 1941 году. Пад рэпрэсіі трапіла найлепшая моладзь Глыбоччыны, сябры „Саюза беларускіх патрыётаў“, разгромленага органамі НКВД у 1947 годзе... Нашыя дзяды і прадзеды прайшлі цяжкі час калектывізацыі, калі камуністычныя ўлады, ужываючы ціск і шантаж, адабралі ў іх усю нажытую цяжкай працай уласнасьць, а найперш зямлю. Сотні жыхароў Глыбоччыны былі высланыя без суда і сьледзтва ў аддаленыя раёны СССР. Тысячы жыхароў Глыбоччыны былі вымушаныя выехаць у 1940-я і 50-я гады ў Польшчу, уцякаючы ад камуністычнай улады і прынесенай ёй галечы і зьдзеку з чалавека».
Кастусь Шыталь заклікае старшыню райвыканкаму адмовіцца ад ідэі ўшаноўваць Леніна, усталёўваючы яму помнікі.
Помнік Леніну, які стаяў у Глыбокім на Плошчы 17-га верасьня, быў зьнесены ў 2012-м годзе. На гэтым месцы да Дня беларускага пісьменства запачаткавалі Алею славутых землякоў. Аднак, як мяркуецца, спадар Морхат вырашыў, што калі ня помнік, то хаця б бюст Леніна мусіць стаяць у цэнтральнай частцы гораду. Таму бюст, які цяпер знаходзіцца на тэрыторыі сярэдняй школы № 3, старшыня райвыканкаму прапануе перанесьці ўсталяваць у больш людным месцы, каля скрыжаваньня вуліц Леніна і Палявой.