Напярэдадні 875-годзьдзя Гомелю, якое сьвяткуецца 16 верасьня, у абласной бібліятэцы да позьняй ночы ткалі ручнік — у дар гораду. Ткалі ў дзясяткі рук. Ладзілася «Бібліяноч», і ахвочых зацягнуць сваю нітку ў народны ручнік для гораду было багата.
Майстрыха Вольга паказвала, як трымаць чаўнок, запускаць яго ў ніты, раўняць берагі ручніка.
Старадаўні ткацкі станок (кросны) зьявіўся ў фае актавай залі бібліятэкі тыдзень таму, калі тут прэзэнтавалі выставу «Адродзім ручнік разам». Тады й аснавалі ручнік.
Ініцыятыва належыць дырэктару Гусявіцкага сельскага дома культуры Буда-Кашалёўскага раёну, народнаму ўмельцу Віталю Карпінскаму.
«Нашу ідэю адраджэньня самабытнага народнага ткацтва, якім здавён славіліся ў Гусявіцы, падтрымаў фінансава Эўрапейскі зьвяз у межах рэалізацыі Праграмы разьвіцьця Арганізацыі аб’яднаных нацый — выдзеліў грант на 23 тысячы эўра. Гэта частка вялікага праекту „Садзейнічаньне разьвіцьцю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь“», — кажа Віталь Карпінскі.
Усё пачалося з таго, што падчас рамонту Гусявіцкага сельскага дома культуры Віталь зайшоў навой ад кроснаў. Стаў цікавіцца ў вяскоўцаў. Шмат у каго захаваліся саматканыя ручнікі, посьцілкі — ткацтва ў вёсцы колісь было шырока распаўсюджана. Так і нарадзілася задума стварэньня цэнтру ткацтва. Мясцовая майстрыха Аўдоцьця Васільцова адшкадавала цэнтру свае кросны. Віталь як здольны майстар па дрэве аднаўляў любую патрэбную дэталь. Стаў і сам рабіць станкі. У калекцыі ўжо мае й настольныя кросны — невялікі станок, які можна паставіць на стале і выткаць ручнік любога ўзору.
«Каб узнавіць ткацтва, аднаго нашага цэнтру ў раёне мала, — дзеліцца сваімі плянамі Карпінскі. — Думаем атрымаць сэртыфікат і стварыць, апроч Гусявіцы, яшчэ чатыры падобныя цэнтры — у Губічах, Уваравічах, Рагіні ды Чабатовічах. Мясцовыя ўлады нас падтрымліваюць. А ручнік для Гомлі перададзім, як датчом яго супольна з гараджанамі».
Віталь Карпінскі з прафэсіі псыхоляг, працаваў працяглы час у міліцыі — даслужыўся да падпалкоўніка. Лічыць, што цяга да рамесьніцтва і наагул да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў яго ад абодвух дзядуляў: гомельскага — па кудзелі, балтыйскага — па мячы. Умелец мае спадзеў, што й адроджаны гусявіцкі ручнік зойме сваё пачэснае месца ў адной з заляў ААН — побач са знакамітым ручніком зь веткаўскай Неглюбкі.