Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гліняныя гукі балотаў». Жыхарка Івацэвіцкага раёну аднаўляе палескую кераміку


Ала Капыціч
Ала Капыціч

Жыхарка вёскі Соміна Івацэвіцкага раёна Ала Капыціч адраджае майстэрства вырабу палескіх гліняных цацак, сьвісьцёлак-акарынаў. Цяпер яна асвойвае ганчарны круг, вырабляе традыцыйны гліняны посуд.

Старажытная вёска Соміна (першая згадка ў крыніцах — 1539 год) знаходзіцца на ўскрайку палескай часткі Івацэвіцкага раёну. Побач — азёры, балоты, непадалёку — маляўнічы Выганашчанскі заказьнік.

Карэспандэнты Свабоды наведалі Алу Капыціч — ганчара, майстрыху вырабаў зь гліны, удзельніцу шматлікіх выстаў, у тым ліку Міжнароднага пленэру ганчароў у вёсцы Гарадная Столінскага раёну.

Ала Капыціч — загадчыца мясцовага Дома культуры. Тут яна займаецца зь дзецьмі і ў ганчарным гуртку. Школы ў Соміне ўжо няма, хоць вёска досыць вялікая, каля 40 тутэйшых дзяцей ходзяць у школу ў суседнюю Горталь.

Як гучыць беларускае балота?

Гліняныя цацкі зь вясёлымі народнымі матывамі ад Алы Капыціч
Гліняныя цацкі зь вясёлымі народнымі матывамі ад Алы Капыціч

«Чаму гліна? Таму што аднойчы ўзяла яе ў рукі і зразумела, што гэта маё. Цяпер гэта тое, без чаго я свайго жыцьця не ўяўляю», — кажа Ала Капыціч пра сваё захапленьне керамікай.

Спадарыня вучылася ў Бабруйскай мастацкай вучэльні, яшчэ там у яе была прага працаваць з глінянымі вырабамі. Аднак, кажа Ала Капыціч, жыцьцё склалася так, што мары аб кераміцы, ганчарстве пачалі спраўджвацца пазьней:

«Аднойчы даведался пра вёску Гарадную ў Столінскім раёне, што там ёсьць добрая гліна. Паехала, прывезла мех гліны, пачала спрабаваць. У той час ужо вяла ў школе гурток лепкі з плястыліну, потым пачалі рабіць цацкі з гліны, потым сьвісьцёлкі. Ёсьць проста сьвісьцёлкі, а ёсьць акарыны — гэта ўжо народны музычны інструмэнт. На ёй ужо можна граць мэлёдыю».

Ала Капыціч кажа, што гук глінянай акарыны асацыюецца ў яе з Палесьсем, «гукам балотаў»:

«Мне вельмі падабаецца гук нашых беларускіх балотаў. Як у фільме „Людзі на балоце“ гучыць акарына — гэта гук беларускіх балот, такі глухаваты, сумны... Нашая вёска ж таксама на балоце. Напрамкі па балоце да Разьдзялавічаў у Ганцавіцкім раёне — 15 кілямэтраў. У нас вакол балота, і толькі дарога празь вёску», — кажа Ала Капыціч.

Гаспадыням — гаршкі, дзецям — сьвісьцёлкі

Сьвісьцёлкі, якія вырабіла Ала Капыціч
Сьвісьцёлкі, якія вырабіла Ала Капыціч

Майстрыха кажа, што яна ня памятае, каб да яе ў Соміне былі ганчары. Тутэйшыя балоцістыя землі бедныя на гліну. Майстрыха расказала, што ў даўнейшыя часы сюды прывозілі посуд ганчары зь іншых мясьцінаў, з той жа Гарадной:

«Калісьці гараднянскія ганчары куды толькі ня езьдзілі, нават у Польшчу. Справа ў тым, што там бедная глеба, у іх дрэнныя ўраджаі. І дзякуючы гліне яны і жылі, і досыць добра. Там займаліся ў кожным двары ганчарствам — сотні двароў у пачатку ХХ стагодзьдзя. Яны езьдзілі па ўсёй Беларусі і сюды, да нас. І калі яны ехалі па вёсцы, як цяпер памятаю, у дзяцей было сьвята... Вечар, цішыня, і чуваць: „Го-о-оршкі, го-о-оршкі!“ — на ўсю вёску. Гэта было яшчэ ў 1970-х, я памятаю. Гаспадынькі выбягалі, набывалі гаршчочкі, а нам, дзецям — сьвісьцёлкі».

Сомінская майстрыха за ганчарным кругам
Сомінская майстрыха за ганчарным кругам

Спадарыня распавяла, што доўгі час займалася на базе гуртка, а як майстар пачала працаваць гадоў 10 таму. Неўзабаве пачаліся выставы, летась Ала Капыціч прывезла дыплём з прэстыжнага Міжнароднага пленэру ганчароў, які ладзіцца ў вёсцы Гарадной.

«У Гарадной тонкая і звонкая гліна. Яна патрабуе высокай тэмпэратуры абпальваньня — да 1300 градусаў. Але дзякуючы гэтай высокай тэмпэратуры і саставу гліны вырабы атрымліваюцца вельмі моцныя і звонкія. Тутэйшая гліна зьмяшчае шмат пяску. Яна не падыходзіць для керамікі, ганчарства», — тлумачыць майстрыха.

Гліняны Зюзя, сялянка на сьвіньні — кожны выраб мае быць унікальным

Вёска Гарадная Столінскага раёну для майстра гліняных вырабаў з Івацэвіччыны — гэта ня толькі месца, адкуль наша гераіня вязе гліну: у тамтэйшых майстроў Ала Капыціч пераймае традыцыі палескага ганчарства. Сярод яе цацак — традыцыйныя жывёлы беларускіх казак або вясёлыя сюжэты — як сялянка, якую панесла сьвіньня. Ёсьць і гліняныя прадстаўнікі старажытнай беларускай міталёгіі, напрыклад вобраз Зюзі — бога холаду, басаногага дзядка з доўгай барадой ды жалезнай булавой у руках.

Гліняныя вобразы Зюзі, бога холаду
Гліняныя вобразы Зюзі, бога холаду

«Чаму народныя матывы? Таму што сама нарадзілася ў вёсцы, мне гэта бліжэй. Сучасных рэчаў неяк не раблю, не адыходжу ад традыцыйнага. Упрыгожаньне вырабаў таксама раблю народнае — агоўскі роспіс (росьпіс, які паходзіць зь вёскі Агова Янаўскага раёну на Берасьцейшчыне, выкарыстоўваўся для ўпрыгожаньня куфраў, у вышываньні і ткацтве. — РС), на многіх сьвісьцёлках наношу „гараднянскую галінку“ — сымбаль дабрабыту, багацьця», — кажа Ала Капыціч.

Кожная цацка, кожная сьвістулька сомінскай майстрыхі — ручная праца. Спадарыня кажа, што цяпер сьвістулькі адліваюць і праз формачкі, але Ала Капыціч ня любіць такі спосаб вырабу, калі цацкі атрымліваюцца аднолькавыя.

«Вяртаемся да каранёў, надакучыла ўсё канвэернае»

Майстрыха тлумачыць, што раней ганчарства было пераважна мужчынскай працай, бо патрабуе значных фізычных высілкаў. Але яна заўсёды прагнула заняцца менавіта гэтым:

«Ганчарны круг — гэта была мая мара. Набыла яго гады тры таму і пачала пакрыху засвойваць. Пляную ўжо ўвесну паехаць з гаршкамі на базар».

«З такога посуду смачней»
«З такога посуду смачней»

Спадарыня кажа, што ганчарства мае пэрспэктывы адраджэньня; на яе думку, цяпер людзі пачынаюць больш цікавіцца старадаўнім посудам:

«Людзі вяртаюцца да ранейшага. Тэлефануюць мне бабкі з суседняй вёскі і просяць гаршчочка, як некалі, каб прыгатаваць той капусты ў печы. Гэта і экалягічна больш чысты посуд. І стравы з такога посуду іншыя, смачнейшыя. Я думаю, што посуд гліняны ня зьнікне, таму што людзі вяртаюцца да гэтага. У савецкія часы гэта страціла сваю каштоўнасьць і значнасьць, але цяпер вяртаемся да сваіх вытокаў, да сваіх каранёў. І людзям цікава, гэта бліжэй да душы, надакучыла ўжо ўсё канвэернае».

Печ, дзе майстрыха абпальвае гліняныя вырабы, каб яны сталі трывалымі
Печ, дзе майстрыха абпальвае гліняныя вырабы, каб яны сталі трывалымі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG